«Іншаземцы паўсюль». Тэма чарговай Венецыянскай біенале гучыць даволі спакусліва для беларускіх куратараў і творцаў

Культура
Фота ілюстратыўнае. Венецыя. pinterest.com.

Куратар і мастацкі кіраўнік 60-й Венецыянскай біенале сучаснага мастацтва Адрыяна Педроса абвясціў галоўную тэму выставы наступнага года. Пра гэта паведаміла The Art Newspaper.

На выставе будзе засяроджана ўвага на тых, хто знаходзіцца на перыферыі, а менавіта на выгнанніках, эмігрантах і аўтсайдарах.

Дэвіз асноўнага праекта гучыць як Stranieri Ovunque («Іншаземцы паўсюль») — гэта адсылка да назвы аднайменнага турынскага калектыву, які змагаўся з расізмам і ксенафобіяй у Італіі ў пачатку 2000-х.

Грандыёзнае мастацкае мерапрыемства ў Італіі пройдзе з 20 красавіка па 24 лістапада 2024 года.

Па словах куратара мерапрыемства Адрыяна Педросы, галоўная выстава біенале будзе прысвечана шматлікім крызісам, звязаным з перамяшчэннем людзей у чужыя для іх краіны, з іншай культурай і ідэнтычнасцю. Крызісы звязаныя з небяспекамі і пасткамі мовы, перакладу і этнічнасці, выяўляюцца ў адрозненнях і неадпаведнасцях, абумоўленых ідэнтычнасцю, нацыянальнасцю, расай, полам, дабрабытам і свабодай. «У гэтым ландшафце — заўважае куратар, — фраза «замежнікі паўсюль» мае дваякае значэнне. Па-першае, куды б вы ні пайшлі, дзе б ні былі, вы заўсёды будзеце сутыкацца з замежнікамі — яны/мы паўсюль. Па-другое, дзе б вы ні апынуліся, вы заўсёды замежнікі».

Асаблівае месца ў 60-й Венецыянскай біенале нададуць творчасці мастакоў-эмігрантаў, а таксама бежанцаў, людзей, вымушаных жыць у выгнанні, і членаў дыяспар. На выставе прадставяць і работы аўтараў XX стагоддзя.

Акрамя галоўнай выставы, якую будзе курыраваць Адрыяна Педроса, важнай часткай біенале з’яўляюцца Нацыянальныя павільёны — прэстыжнае афіцыйнае прадстаўніцтва краін на вялікім міжнародным форуме.

Апошні Нацыянальны павільён Беларусі на Венецыянскім біенале быў зладжаны ў 2019-м. Яго арганізатарам сталі Міністэрства культуры і Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў і пасольства Беларусі ў Італіі.

На 59-м Венецыянскім форуме, які праходзіў у 2022 годзе, Беларусь удзелу не прымала. Афіцыйная прычына — адсутнасць адпаведнага праекта (заўважым, што конкурс праектаў, які праводзіўся Міністэрствам культуры, актыўна байкатаваўся большасцю беларускіх аўтараў — з-за цэнзурных і маральных аспектаў).

Верагоднасць таго, што Рэспубліка Беларусь прыме афіцыйны ўдзел у Венецыянскім біенале 2024 года, надзвычай малая.

Ці магчымы нацыянальны павільён на Венецыянскай біенале без удзелу дзяржавы? Ці паспее прагрэсіўная арт-грамадскасць знайсці фінансаванне для альтэрнатыўнага павільёна? У якіх фарматах можна далучыцца да паралельнай праграмы Венецыянскай біенале?

Пытанні пакуль адкрытыя, але вырашальныя. Reform.by будзе трымаць руку на пульсе.

У любым выпадку тэма галоўнай выставы нібы адмыслова прыдуманая для нас. Беларусы паўсюль.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: