На праўладнае свята «Александрыя збірае сяброў» прыедуць дэлегацыі з 29 рэгіёнаў Расіі

Культура
Фота: сайт фестывалю.

Праўладны фэст «Александрыя збірае сяброў», які пройдзе сёлета 5 ліпеня, становіцца з усё больш заўважнай расійскай прысутнасцю. Фестываль, лічы, распачнецца канцэртам «Союзные звезды в гостях в Александрии», на выставе-кірмашы будуць прадстаўлены 29 рэгіёнаў з Расійскай Федэрацыі, чакаецца шмат расійскіх гасцей.

Аб гэтым распавялі сёння на тэматычнай прэс-канферэнцыі арганізатары падзеі.

«Асноўнымі тэмамі свята, якое пройдзе 5 ліпеня ў фармаце аднаго дня, стануць тэмы 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, адзінства народаў Беларусі і Расіі і, вядома ж, тэма традыцыйных сямейных і агульначалавечых каштоўнасцей», — адзначыла намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення, начальніца упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Іна Адамовіч.

Цырымонія адкрыцця фестывалю адбудзецца а 13-й гадзіне на малой пляцоўцы. «А ўжо ў 13.30 тут жа пройдзе саюзны канцэрт пад назвай «Саюзныя зоркі ў гасцях у Александрыі» з удзелам беларускіх і запрошаных расійскіх выканаўцаў», — дадала чыноўніца.

Пра склад удзельнікаў выставы-кірмаша паведаміў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун.

На выставе-кірмашы «Дрэва жыцця» будуць прадстаўлены падворкамі ўсе раёны Магілёўскай вобласці, усе рэгіёны Беларусі і 29 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.

«У гэтым годзе пашырылася геаграфія ўдзельнікаў. Упершыню да нас прыедуць дэлегацыі з Башкартастана, Сахалінскай і Амурскай абласцей», — заўважыў ён.

Таксама на фестывалі будзе працаваць пляцоўка «Зроблена ў Беларусi».

Кульмінацыяй падзеі стане гала-канцэрт «Кинотеатр «Александрия», дзе прагучаць песні з савецкіх кінафільмаў, «але ў сучаснай інтэпрэтацыі ў выкананні вядучых артыстаў Беларусі».

Як распавёў Аляксандр Жыгун, на сёння ўсе квіткі на гала-канцэрт ужо распрададзены.

«Наведаць рэспубліканскае свята, якое вядома не толькі ў Беларусі, а за межамі, жадаючых становіцца ўсё больш, — пахваліўся начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама. — Шмат забраніравана гасцініц і квіткоў расійскімі турыстамі, каб наведаць дадзенае мерапрыемства».

Яшчэ на пачатку года паступіла 3 тысячы заявак на набыццё квіткоў на гала-канцэрт, падзяліўся Жыгун.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости