Адной з архіважных задач, якія стаяць перад музейнай супольнасцю краіны, – новы будынак Нацыянальнага гістарычнага музея, — сказаў першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шляхцін, выступаючы на адкрыцці VI Нацыянальнага форума «Музеі Беларусі».
«Гэта будзе самая буйная музейная экспазіцыя ў гісторыі суверэннай Беларусі. У экспазіцыйных залах будзе адлюстравана тысячагадовая гісторыя Беларусі», — патлумачыў чыноўнік.
Таксама першы намеснік Міністра культуры акцэнтаваў увагу на тым, што беларускія музейшчыкі павінны ўдзяляць асаблівую ўвагу экспазіцыям, прысвечаным дасягненням нашай краіны за апошнія 30 гадоў.
Форум «Музеі Беларусі» будзе працаваць з 28 па 30 траўня, яго тэма «Музей — тэрыторыя гістарычнай памяці», і прымеркаваны ён да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, паведамляе Міністэрства культуры.
У форуме прымуць удзел прадстаўнікі больш як 80 дзяржаўных музеяў і галерэй. Запланавана правядзенне дзелавой і прэзентацыйнай праграм, круглага стала па развіцці культурна-пазнавальнага турызму.
Таксама чакаецца конкурс прафесійнага майстэрства па намінацыях: «за навацыі ў музейнай дзейнасці», «за лепшы музейны праект», «за лепшую культурна-адукацыйную праграму», «за лепшае музейнае выданне».
Нацыянальны форум «Музеі Беларусі» праводзіцца ў шосты раз, ён быў створаны з мэтамі развіцця інавацыйных падыходаў і сучасных інфармацыйных тэхналогій у музейнай справе, кансалідацыі музейнай супольнасці, павышэння прафесійнага майстэрства, развіццё і ўмацаванне міжнародных культурных сувязяў.
Напрыклад, тэма форуму 2019 года гучала як «Музей: навука, інавацыя, камунікацыя». Удзельнікі тады паказвалі свае калекцыі, культурна-адукацыйныя і экспазіцыйна-выставачныя праекты, прадэманстравалі новыя формы работы з наведвальнікамі і прымяненне новых тэхналогій.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram