Майстэрства «старой школы». Памёр фотамастак Анатоль Кляшчук

Культура
Анатоль Кляшчук. Фота: сацсеткі.

Фатаграфіі сёння амаль не вераць, праўдзівасць адлюстравання рэальнасці тут пастаянна будзе ставіцца пад сумнеў, бо кожны здымак можа апынуцца фэйкам.

Таму і сумна, калі сыходзяць олдскульныя майстры. З імі знікае эпоха.

Памёр фотамастак Анатоль Кляшчук. Яму было 65 гадоў. Апошнія некалькі гадоў ён меў анкалагічную хваробу.

Майстэрства "старой школы". Памёр фотамастак Анатоль Кляшчук

Анатолю Клешчуку найлепш удаваліся чорна-белыя здымкі. Тут, не адцягваючы ўвагу на колер, можна было злавіць самы нерв фатаграфіі, пунктум, той канцэнтрат здымка, які заварожвае і не адпускае погляд. Углядаешся, шукаеш новыя сэнсы, заміраеш ад вастрыні моманту, які аднойчы, у гэтым кадры, канчаткова спыніўся. Таму фатаграфіі Клешчука — і высокае мастацтва, і пранізлівае сведчанне. Што праўдзівае — разумееш адразу. Ніякіх лішніх дэталяў. Усё патрэбнае злавіла рамка аб’ектыву: дэталі, святло, настрой, прамень сонца, выпадковы позірк, — усё раптам склалася ў адно.

Майстэрства "старой школы". Памёр фотамастак Анатоль Кляшчук

Здавалася б, фатограф толькі кампануе і фіксуе, аднак не: Анатоль Кляшчук спачатку прапускаў усё праз сябе. Яму балела, яго хвалявала тое, што здымаў.

Майстэрства "старой школы". Памёр фотамастак Анатоль Кляшчук

Ён фатаграфаваў тое, што знікала незваротна. Асаблівыя тыпажы жыхароў невялікіх мястэчак, вяскоўцаў, носьбітаў несурагатнай культуры, іх сёння ўжо і не сустрэнеш… А фатограф паспеў.

Майстэрства "старой школы". Памёр фотамастак Анатоль Кляшчук

Акрамя вясковых сюжэтаў, любіў здымаць беларускія мястэчкі. А ў іх самадзейных творцаў — музыкаў, мастакоў, разьбяроў, майстроў маляваных дываноў. Разам з паэтам Леанiдам Дранько-Майсюком выдаў альбом з мастацкiмi, дакументальнымi тэкстамi пра Давыд-Гарадок на Брэстчыне «Кветкавы край Беларусi».

«Трэба больш бываць у беларускай глыбiнцы. Імкнуцца ў фатаграфіі да сутнасці, а не толькі рабіць салодзенькія прыгожыя картачкi», — казаў ён у інтэрв’ю парталу Znyata.

Фотаальбом «Карагод беларускіх абрадаў» ён зрабіў, разумеючы, што сыходзяць носьбіты старадаўніх традыцый, у якіх сам, малым хлапчуком, прымаў удзел. Вясковыя цёткі бралі яго з сабой у поле на зажынкі, а потым ён і сам калядаваў, хадзіў у валачобнікі, скокаў праз купальскае вогнішча.

Ён улучаўся ў паўнавартасныя этнаграфічныя даследаванні. У тым жа інтэрв’ю Анатоль Кляшчук расказвае, што збiраўся здымаць абрад, у якiм удзельнiчаюць толькi мужчыны, — «Мiкольская яешня». Свята iдзе яшчэ ад старажытных пастухоў, і гэты абрад застаўся толькi ў адной вёсцы. «Я пазванiў за 6 месяцаў, мне адказалi, што абрад будзе. За 3 месяцы — будзе, за 2 тыднi — будзе. За 3 днi мне адказалi: «Я хворы, сусед не пойдзе, а больш няма каму iсцi». Я запытаў пра моладзь. А яе няма…».

Ён паглыбляўся ў гістарычныя рэканструкцыі. Фотаальбом «Беларусь. Зямля песняроў» быў выдадзены ў 2012-м да 130-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа — гэта здымкі месцаў, звязаных з іх жыццёвымі сцяжынкамі. Купалаўскія мясціны майстра фатаграфаваў каля дзесяці гадоў.

Майстэрства "старой школы". Памёр фотамастак Анатоль Кляшчук

Мала ў беларускай фатаграфіі здымкаў, настолькі пранізліва жахлівых, як чарнобыльская серыя Клешчука. Ён выдаў некалькі альбомаў, прысвечаных чарнобыльскай катастрофе, а ў 2006 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася выстава «Боль сціхае павольна» — чорна-белыя здымкі дзяцей з анкалагічнага цэнтру.

Майстэрства "старой школы". Памёр фотамастак Анатоль Кляшчук

Пасля катастрофы прайшло дваццаць гадоў, і некаторыя дзеці выжылі. І фатограф на выставе размясціў побач фатаздымкі адных і тых жа людзей, зробленыя ў другой палове 1980-х і ў сярэдзіне 1990-х. Пасталелыя былыя пацыенты анкалагічнага цэнтру трымаюць уласныя фотапартрэты, зробленыя Клешчуком у бальнічных палатах.

Майстэрства "старой школы". Памёр фотамастак Анатоль Кляшчук
Фатаграфіі Анатоля Клешчука. Фота: сацсеткі.

З 1993 года Анатоль Кляшчук працаваў фотарэпарцёрам і загадчыкам аддзела фотаілюстрацый газеты «Звязда». Зладзіў больш за 30 персанальных выстаў, выдаў некалькі фотаальбомаў.

Развітанне з майстрам адбудзецца ў Мінску 6 верасня з 10 да 12.

Адрас: Мінск, вуліца Сямашкі, 8, корпус 8 (вялікая зала).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: