Лодкі ў жыце і ружовы прыпынак. Як беларускія мастакі ажывілі польскую вёску на Купалле

Культура
Падчас адкрыцця фэсту "Папараць". Фота: Аляксандра Канончанка.

Гэтымі выходнымі вёска Скшэтушэва (Skrzetuszewo), што за гадзіну язды ад Познані, ператварылася ў арт-прастору, дзе сустрэліся дзікая прырода, беларускае сучаснае мастацтва і традыцыйны дух Купалля. Тыднёвая рэзідэнцыя для беларускіх творцаў, якую супольна зладзілі NGO Logos і познанская фундацыя KUT, завяршылася камерным і вельмі незвычайным фестывалем беларускай культуры PARARAĆ.

Лодкі ў жыце і ружовы прыпынак. Як беларускія мастакі ажывілі польскую вёску на Купалле
Фота: Аляксандра Канончанка.

Пра тое, як нараджаўся праект, чым мастакі здзіўлялі мясцовых жыхароў і чаму фармат супольнага дзеяння апраўдаў сябе на ўсе сто, распавялі арганізатаркі — культурная менеджарка Наталля Зданевіч і заснавальніца фундацыі KUT Вольга Стрыжнёва.

Ад уцёкаў з горада да першага эксперменту

Ідэя рэзідэнцыі выспявала ў фундацыі KUT даўно. Як кажа Наталля Зданевіч, арганізацыя ад пачатку не ўспрымала сябе як «офіс у чатырох сценах», які проста прымае чужыя праекты. Заўсёды хацелася ствараць уласныя сітуацыі для сустрэч, абмену культурнымі практыкамі і эксперыментаў.

Калі раней свята Купалле ад KUT ладзілася ў межах Познані на рацэ Варта, то сёлета арганізатары вырашылі зрабіць крок наперад — выйсці з гарадскога рытму і знайсці месца, дзе мастакі маглі б папрацаваць у поўным усамотненні з прыродай. Тэма Купалля сама па сабе патрабавала такога кантэксту. Выбар упаў на маляўнічае возера Ледніца і вёску Скшэтушэва.

«Возера і гэтае прыроднае асяроддзе сталі не проста фонам, а паўнавартаснымі ўдзельнікамі рэзідэнцыі. Гэта было сапраўднае натхненне, і многія працы нарадзіліся менавіта ў кантакце з гэтай прыродай», — адзначае Наталля.

На адкрыты кол адгукнуліся больш за 40 чалавек, з якіх арганізатары адабралі 20 удзельнікаў: беларускіх мастакоў, музыкаў, перформераў, фатографаў, мастацтвазнаўцаў і культактывістаў. Куратарам гэтай творчай грамады выступіў вядомы мастак Андрэй Бусел (Hutkasmachnaа). Ён не задаваў удзельнікам жорсткіх рамак або канкрэтнага выніку загадзя, а даў творцам максімальную свабоду.

Лодкі ў жыце і ружовы прыпынак. Як беларускія мастакі ажывілі польскую вёску на Купалле
Фота: Аляксандра Канончанка.

Мастацтва з таго, што пад рукамі

Важна, што кожнае ўмяшальніцтва ў асяродак адбывалася са згоды гаспадароў і пасля папярэдняга ўзгаднення, таму мастакі працавалі ў поўнай сінергіі з кантэкстам вёскі. Адметнасцю рэзідэнцыі стала рашэнне не прывозіць шмат гатовых матэрыялаў, а выкарыстоўваць тое, што ўжо ёсць на месцы — старыя, закінутыя рэчы, якія згубілі сваю функцыю.

Так, другое жыццё праз мастацкую працу набыла старая драўляная павозка, якую гаспадары ўжо збіраліся альбо прадаць, альбо нечым абшываць. Мясцовыя жыхары былі прыемна здзіўлены апгрэйдам, а сама павозка пераехала на пляцоўку фэсту і ідэальна ўпісалася ў кантэкст. Па ідэі Андрэя Бусла валанцёры загрунтавалі і пафарбавалі старыя лодкі — наведвальнікаў кемпінгу і фэсту яны сустракалі ў жыце, ствараючы сюррэалістычную карціну ў духу Рэне Магрыта.

Лодкі ў жыце і ружовы прыпынак. Як беларускія мастакі ажывілі польскую вёску на Купалле
Фота: Наталля Зданевіч.

Нечакана ў прыродным ландшафце выглядалі работы Аляксандры Канончанка, якая звычайна робіць металічныя абярэгі для галерэйных выстаў (напрыклад, у Берліне). Тут яна стварыла некалькі аб’ектаў амаль у рост чалавека і схавала іх сярод дрэў і травы.

Лодкі ў жыце і ружовы прыпынак. Як беларускія мастакі ажывілі польскую вёску на Купалле
Аўтарка працы — Аляксандра Канончанка.

Свае аб’екты ў асяроддзе гарманічна ўпісаў і Doctor Oy, размясціўшы інсталяцыю проста ў лесе.

Лодкі ў жыце і ружовы прыпынак. Як беларускія мастакі ажывілі польскую вёску на Купалле
Аўтар лясной інсталяцыі — Доктар Ой. Фота: Аляксандра Канончанка.

Ружовы прыпынак і мікраканцэрт для вёскі

Адным з самым яркіх і інтрыгоўных момантаў рэзідэнцыі стала трансфармацыя вясковага аўтобуснага прыпынку. Арганізатары загадзя атрымалі афіцыйны дазвол ад мясцовых уладаў і на працу з гэтым аб’ектам, які выкарыстоўвацца даволі рэдка. І нечакана нават для саміх сабе ператварылі прыпынак у, лічы, канцэртную сцэну.

«Гэта была цалкам калектыўная, гарызантальная праца, — дзеліцца Наталля Зданевіч. — Ідэя такога пераўтварэння прыпынку абмяркоўвалася загадзя. Машы Значанок хацелася зрабіць яго не проста функцыянальным аб’ектам, а невялікім месцам для супольнасці — такім, што прыцягвае ўвагу, выклікае ўсмешку і стварае адчуванне чагосьці незвычайнага і жывога. Яшчэ да пачатку рэзідэнцыі мы абменьваліся рэферэнсамі і абдумвалі агульную канцэпцыю.

Пазней Алена Рыжкова дапамагла дапрацаваць яе дэталямі і дэкорам. Ідэя з чахламі на сядзенні таксама з’явілася падчас падрыхтоўкі, а адна з удзельніц прапанавала сваю дапамогу, бо ўмела шыць, і ўзялася за іх выраб. Андрэй Бусел дадаў уласныя мастацкія элементы.

Лодкі ў жыце і ружовы прыпынак. Як беларускія мастакі ажывілі польскую вёску на Купалле
Выступае Вячаслаў Кміт. Фота: Аляксандра Канончанка.

У выніку тут зладзілі кароткі акустычны канцэрт-перформанс, дзе спявалі Мікіта Арлоў (гурт «Союз», «Applepicker») і Вячаслаў Кміт («Кміт-ансамбль»), а Doctor Oy нават напісаў адмысловую песню, прысвечаную гэтаму прыпынку».

Лодкі ў жыце і ружовы прыпынак. Як беларускія мастакі ажывілі польскую вёску на Купалле
Мясцовыя жыхары завіталі на міні-канцэрт. Фота: Наталля Зданевіч.

Заснавальніца фундацыі KUT Вольга Стрыжнёва згадвае, што спачатку мясцовыя паглядалі на творцаў з насцярожанасцю:

«Спачатку ставіліся з асцярожнасцю: і колер для прыпынку быў дзёрзкі, і наогул да таго, што мы адважыліся гэта рабіць. Чураліся, паглядалі збоку, нават заўвагі рабілі — як любыя людзі, у чыю прастору ўварваліся. Але на імпрэзу на прыпынак нечакана прыйшло даволі значная колькасць людзей. У выніку ўсе засталіся задаволеныя. Вельмі шмат пыталіся пра беларусаў, пра тое, як нам жывецца, чым займаемся і ці часта робім канцэрты на прыпынках. Удалося пасябраваць, нас нават папрасілі даслаць фатаграфіі».

Лодкі ў жыце і ружовы прыпынак. Як беларускія мастакі ажывілі польскую вёску на Купалле
Творы Леры Лазук. Фота: Аляксандра Канончанка.

Інтэрактыўная раздзявалка на пляжы

Яшчэ адзін аб’ект, які выклікаў ажыўленне — гэта пляжная раздзявалка, якую сканструяваў Андрэй Бусел, а аформіла фатографка Кацярына Ігнашэвіч. На сценах раздзявалкі змешчаны буйнафарматныя фотаздымкі аголеных целаў мужчыны і жанчыны (выгляд спераду і ззаду), дзе інтымныя месцы прыкрытыя лісцікамі. Гэтыя лісцікі можна фізічна адхінуць.

«Здавалася, што гэта будзе вельмі кантраверсійная рэч для вёскі, — тлумачыць Наталля. — Але як мы даведаліся ад гаспадыні бівака, усе засталіся вельмі задаволеныя! І дзеці, і дарослыя рэагуюць вельмі смешна: ціханька падходзяць, адхінаюць лісцік, хіхікаюць. Гэта адразу пачало працаваць функцыянальна. Прыходзім раніцай пасля фэсту — а мясцовыя ёй ужо карыстаюцца па прызначэнні, пераапранаюцца».

Лодкі ў жыце і ружовы прыпынак. Як беларускія мастакі ажывілі польскую вёску на Купалле
Арт-раздзявалка з фотаздымкамі Каці Ігнашэвіч. Фота: Аляксандра Канончанка.

Арганізатары прызнаюцца: лайн-ап і паслядоўнасць падзей складаліся літаральна познім вечарам напярэдадні фэсту. Праграма была вельмі пластычнай, без сухой мяжы паміж сцэнай і гледачом. Напрыклад, калі камусьці захацелася паспяваць, гэта адразу станавілася супольнай справай, дзеянне плаўна змяняла свой кірунак прама на ходзе. Удзельнікі і госці перамяшчаючыся ад кропкі да кропкі па карце фэсту, а завяршылі вечар камернымі пасядзелкамі каля вогнішча і ракі.

«Калі б я глядзела збоку, я б сказала, што атрымалася занадта рознафарматна: і канцэрт на прыпынку, і выставы, і супольныя спевы, — рэфлексуе Наталля Зданевіч. — Але фармат рэзідэнцыі спрацаваў менавіта як працэс супольнага дзеяння. Шчыльны тыднёвы фармат працы вельмі зблізіў, з’явілася адчуванне нечага агульнага. Загадзя такое спланаваць было б проста немагчыма».

Большасць буйных інсталяцый (металічныя абярэгі, працы з гліны) мастакі дэмантавалі на другі дзень і забралі з сабой — нешта паедзе на выставы, нешта (як працы Доктара Оя) мастакі павязуць паказваць у Варшаву на «Варушняк». Некаторыя крохкія арт-аб’екты былі разлічаны на адзін дзень і не вытрымалі кантакту з надвор’ем.

Лодкі ў жыце і ружовы прыпынак. Як беларускія мастакі ажывілі польскую вёску на Купалле
Праца ананімнага аўтара. Фота: Аляксандра Канончанка.

Аднак тыя рэчы, што былі створаны з мясцовага матэрыялу па ўзгадненні з жыхарамі, засталіся жыць у Скшэтушэве. Лодкі вярнуліся да вады на сваё ранейшае месца, павозка засталася ў кемпінгу як візуальнае ўпрыгожванне, а арт-раздзявалка працягвае стаяць на пляжы, бо сталася ўлюбёнай атракцыяй мясцовых жыхароў.

Лодкі ў жыце і ружовы прыпынак. Як беларускія мастакі ажывілі польскую вёску на Купалле
Мясцовы фургон, які набыў другое жыццё. Фота: Аляксандра Канончанка.
Лодкі ў жыце і ружовы прыпынак. Як беларускія мастакі ажывілі польскую вёску на Купалле
Арт-раздзявалка карыстаецца папулярнасцю. Фота: Аляксандра Канончанка.

Падчас фінальнай сустрэчы арганізатары адназначна вырашылі: фармат суперпаспяховы і яго трэба паўтараць. Магчыма, у наступным годзе будзе выбрана іншая лакацыя ці больш выразна акрэслена тэма, але тое, што рэзідэнцыя атрымае працяг — факт.

«Для ўсіх нас гэта быў вельмі магутны, падтрымліваючы працэс, — падсумоўвае Наталля Зданевіч. — Усе ўдзельнікі былі шчыра зацікаўленыя ў тым, каб дапамагаць адно аднаму, знаёміцца, хадзіць і глядзець, што робяць твае суратнікі. Я злавіла гэтую неверагодную хвалю сінергіі і цеплыні, знаходзячыся ўнутры.

Нават калі на сам фэст ужо прыехалі госці і сябры з Познані, у кантэксце гэтай крыху дзікай прыроды ўсё роўна захавалася асаблівая камернасць. Мы проста былі разам: расшарылі тэксты, разам спявалі, размаўлялі, нікуды не спяшаліся. Загадзя такое немагчыма спланаваць па хвілінах — гэта нараджалася ў моманце, і ў гэтым быў сапраўдны кайф».

Лодкі ў жыце і ружовы прыпынак. Як беларускія мастакі ажывілі польскую вёску на Купалле
Дыска-жолудзь ад Андрэя Бусла. Фота: Аляксандра Канончанка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.