Кнігі беларускіх незалежных выдавецтваў былі прадстаўлены на Кніжным кірмашы ў Беластоку — фотафакт

Культура
Кніжны кірмаш у Беластоку. Фота: polskieradio

У Беластоку завяршыў працу 12-ты Кніжны кірмаш і 14-ты літаратурны фестываль «На сумежжы культур».

Быў арганізаваны шэраг аўтарскіх сустрэчаў і аўтограф-сесіяў.

У Салоне незалежных беларускіх выдавецтваў было прадстаўлена 15 выдаўцоў, а ў межах Літаратурнага фестывалю «На памежжы культур» адбылася аўтарская сустрэча з сёлетнім лаўрэатам Ляйпцыгскай кніжнай прэміі еўрапейскага паразумення Альгердам Бахарэвічам, які прэзентаваў сваю новую кнігу «Папяровы голем».

Кнігі беларускіх незалежных выдавецтваў былі прадстаўлены на Кніжным кірмашы ў Беластоку - фотафакт
Аўтограф-сесія Алеся Аркуша, які прэзентаваў двухмоўны паэтычны зборнік «Чаму праўда такая слабая?». Фота: facebook/centrumkulturybialoruskiej

Арганізатарам Салону беларускіх выдавецтваў быў Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, які за няпоўных паўтара года дзейнасці выдаў пяць кніг, а таксама ілюстраваны каталог гістарычных і народных беларускіх строяў Кацярыны Ваданосавай. На выставе прэзентавалі «Żubr i inne opowiadania» Міхала Андрасюка, «Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці» Ганны Кандрацюк, кнігу на беларускай лацінцы «Śvieciacca vokny dy nikoha za jimi» Уладзіміра Арлова і перавыданне ўспамінаў Ларысы Геніюш.

Кнігі беларускіх незалежных выдавецтваў былі прадстаўлены на Кніжным кірмашы ў Беластоку - фотафакт
Ганна Кандрацюк падпісвае сваю кнігу «Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці». Фота: Фота: facebook/centrumkulturybialoruskiej

«Птушкі бяз гнёздаў. Успаміны» на беларускай і польскай мовах ажыццявілі Цэнтр беларускай культуры і Фонд Kamunikat.org. Новае выданне (першы раз успаміны Геніюш былі выдадзены ў 1993 годзе пад назвай «Споведзь») узбагацілася дадатковымі дакументамі і новымі фактамі. Успаміны паэткі выходзілі таксама па-чэшску пад назвай «Pani Doktorowa». Уладзімір Арлоў ва ўступным слове да кнігі адзначыў, што ўспаміны сталі галоўным творам паэткі, які і «сёння сваёй праўдай, болем і вераю апякае кожную жывую беларускую душу».

Кнігі беларускіх незалежных выдавецтваў былі прадстаўлены на Кніжным кірмашы ў Беластоку - фотафакт
«Птушкі без гнёздаў». Новае выданне ўспамінаў Ларысы Геніюш. Фота: facebook/centrumkulturybialoruskiej

Госцем прэзентацыі быў таксама ўнук паэткі — Міхал Геніюш.

Падчас Кніжнага кірмашу адбыўся старт продажаў новай кнігі прозы Барыса Пятровіча «Цнота на потым» — захапляльнае падарожжа па пазнавальных краявідах Менска ды іншых гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама знаёмства з неардынарнымі асобамі, якія сталі героямі твораў.

Кнігі беларускіх незалежных выдавецтваў былі прадстаўлены на Кніжным кірмашы ў Беластоку - фотафакт
Прэзентацыі кнігі Юлі Цімафеевай «Аўтапартрэт у выглядзе костачкі авакада». Фота: facebook/julia.cimafiejeva

А ў беларускім Хабе «Новая Зямля» прайшла сустрэча з Юляй Цімафеевай пад назвай «Аўтапартрэт у выглядзе костачкі авакада». Кніга-білінгва выйшла летась у люблінскім выдавецтве «Warsztaty Kultury» у перакладзе Богдана Задуры. «Падчас сустрэчы аўтарка паразважала пра ідэнтычнасць і мову, пра разломы і рост», — піша Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. Мадэратарам сустрэчы быў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.

Кнігі беларускіх незалежных выдавецтваў былі прадстаўлены на Кніжным кірмашы ў Беластоку - фотафакт
Салон незалежных беларускіх выдаўцоў. Фота: polskieradio.pl

Ля стэндаў беларускіх выдавецтваў можна было сустрэць не толькі беларусаў з дыяспары, але і падляшскіх беларусаў, якія згадвалі, што раней, каб купіць беларускую кніжку, трэба было ехаць, напрыклад, у Гродна.

Арганізатар Беластоцкага кніжнага кірмашу Анджэй Каліноўскі ў інтэрв’ю Беларускай службе Польскага радыё сказаў: «З-за вайны ва Украіне мы сталі забываць пра тых людзей, якія знаходзяцца ў эміграцыі. Яны павінны паказвацца, каб нагадваць, што ў Польшчы жыве шмат беларусаў, якія здольныя ствараць цікавыя рэчы. Цяпер у нас ёсць Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, які ўключыўся ў гэтую працу. Акрамя таго ёсць шэраг беларускіх выдавецтваў, якія актыўна працуюць, і не толькі ў Польшчы».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости