Адзначаючы 95-годдзе Уладзіміра Караткевіча, які нарадзіўся 26 лістапада 1930 года, Фонд Kamunikat.org падрыхтаваў перавыданне «Каласоў пад сярпом тваім».
За межамі Беларусі раман па-беларуску выходзіць упершыню. «У гэтым выданні мы не толькі публікуем менавіта той тэкст, за які аўтар змагаўся пры жыцці, здымаючы праўкі, зробленыя для выдання 1968 года. Асцярожна, кіруючыся тэксталагічнай эмпатыяй, мы робім некалькі важных кан’ектур і тым вызваляем голас пісьменніка ад ідэалагічнага ціску.
Мы вяртаем асобныя формы словаў, што ў савецкі час былі непрымальнымі, а цяпер цалкам звыклыя — і аказваецца, Караткевіч так і пісаў! Мы аднаўляем аўтацэнзурныя скарачэнні: пісаў раман чалавек смелы, а ў друк аддаваў рацыянальны. Забыліся імёны тых, хто рабіў з Караткевіча агульнага — і нічыйнага, выкрэсліваючы з тэксту «Беларусь», «беларусаў», «Падняпроўе» і «Раку». А словы зноў занялі належнае ім месца на старонках», — пішуць выдаўцы.
«Каласы пад сярпом тваім» — гэта глыбокі і па-майстэрску скроены вялікі гістарычны раман. Але сёння асоба пісьменніка не меней важная для нас за павароты сюжэту. І калі мы бяром у рукі кнігу — мы хочам чуць голас аўтара без шоргату цэнзарскага алоўка», — пазначаюць у анатацыі да кнігі.
Замовіць перавыданне можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram