Беларускі мастак Аляксей Кузьміч, вядомы сваімі радыкальнымі акцыямі, атрымаў афіцыйную адмову ў наданні статусу бежанца ў Францыі. Улады краіны прызналі яго дзейнасць «сур’ёзнай пагрозай нацыянальнай бяспецы».
Рашэнне спецслужбаў і OFPRA
Згодна з дакументам ад 24 лютага 2026 года, падпісаным прадстаўніком французскага офіса па абароне бежанцаў (OFPRA), прысутнасць Кузьміча на тэрыторыі краіны разглядаецца як небяспечная.
Пры гэтым рашэнне OFPRA грунтуецца на заключэнні службы нацыянальнай бяспекі (SNEAS) ад 14 красавіка 2025 года. У ім сцвярджаецца, што дзейнасць мастака ўяўляе сабой: «…сур’ёзную пагрозу грамадскаму парадку, грамадскай бяспецы, дзяржаўнай бяспецы або французскаму грамадству».
У выніку спаслаўшыся на артыкул L. 511-7 Кодэкса CESEDA — гэтая норма звычайна прымяняецца да асоб, падазраваных у тэрарызме, шпіянажы ці здзяйсненні ваенных злачынстваў — офіс па абароне бежанцаў афіцыйна пастанавіў: «адмовіць у статусе бежанца Аляксею Кузьмічу».
Спіс «артыстычных злачынстваў»
У дакуменце пералічваюцца канкрэтныя эпізоды, якія сталі падставай для такога рашэння:
-
2021 год: Сцэнарый адпраўкі кактэйлю Молатава да Елісейскага палаца (за што мастак атрымаў «напамін пра закон»).
-
29 ліпеня 2024 года: Акцыя каля магілы Ван Гога, дзе Кузьміч спрабаваў «ажывіць» мастака, выкапаўшы яму. За гэта ён быў асуджаны да аднаго месяца пазбаўлення волі ўмоўна і штрафу ў 3000 еўра за «парушэнне спакою пахавання».
-
20 верасня 2024 года: Акцыя на Вандомскай плошчы ў Парыжы, падчас якой мастак расфарбаваў калону з дапамогай вогнетушыцеляў з фарбай. За гэты інцыдэнт яму пагражае да 7 гадоў зняволення і штраф у 100 000 еўра.
Французскія ўлады адзначаюць адсутнасць «эвалюцыі ў паводзінах» мастака і высокую рызыку паўтарэння падобных акцый.
Пазіцыя мастака і вердыкт
Сам Аляксей Кузьміч успрыняў рашэнне ў сваёй традыцыйнай правакацыйнай манеры. У сваім Facebook ён напісаў:
«Я прымаю гэта рашэнне. Спецслужбы правы: ва мне занадта шмат дзікага, не адкалібраванага. Мая біялогія не адпавядае стандартам бяспекі Францыі. Я недастаткова чалавечны. Я недастаткова чалавек. Таму ў дачыненні да мяне Францыя адмяняе базавыя чалавечыя правы».
Паводле слоў мастака, цяпер ён пераходзіць у статус «нелегала» без права на працу, медыцынскую дапамогу і банкаўскія рахункі, з пастаяннай пагрозай арышту і дэпартацыі.
А што ў Беларусі?
Канфлікт Аляксея Кузьміча з беларускай дзяржавай пачаўся 9 жніўня 2020 года з акцыі «Верую», дзе ён імітаваў распяцце перад сілавікамі. Сілавікі трактавалі яго перформанс (выяўленне фалічнага сімвала на выбарчым бюлетэні і публічнае агаленне) як «наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства». У Беларусі мастак знаходзіцца пад крымінальным пераследам за хуліганства (арт. 339 КК).
Аднак у сакавіку 2024 года Кузьміч здзейсніў яшчэ адзін маштабны ўкід — акцыю «Транзіт». Мастак нелегальна вярнуўся ў Беларусь, знаходзячыся ў вышуку, зрабіў сабе новы пашпарт у мясцовым РУУС і бесперашкодна выехаў назад у Еўропу.
Гэтая акцыя выклікала велізарны скандал: многія актывісты і журналісты абвінавацілі Кузьміча ў містыфікацыі або супрацоўніцтве са спецслужбамі, бо падобны «візіт» чалавека з ягоным бэкграўндам выглядаў немагчымым без затрымання.
Сам мастак назваў гэта акцыяй, якая «ўзламала сістэму».
З кастрычніка 2025 года Аляксей Кузьміч знаходзіцца ў базе вышуку МУС Расіі, што азначае, што любая краіна, якую Расія лічыць «дружалюбнай», можа выдаць яго па гэтым запыце. Не кажучы пра тое, што акцыяніста шукаюць у абедзвюх краінах Саюзнай дзяржавы.
Сённяшняя адмова французскіх уладаў у прытулку ставіць Кузьміча ў складанае прававое становішча. Мастак, які паслядоўна правакаваў дзяржаўныя інстытуты як у Беларусі, так і ў Францыі, у выніку апынуўся без легальнага статусу ў абедзвюх краінах. Цяпер яго далейшае знаходжанне на тэрыторыі Еўрасаюза знаходзіцца пад пытаннем.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

