Ініцыятыва «Непаслухмяныя дзеці кастрычніка», якая агучвае творы рэпрэсаваных і расстраляных у 1930-х гадах паэтаў і пісьменнікаў, выклала на сваім ютуб-канале новы запіс – вершы Юлія Таўбіна, беларускага паэта і перакладчыка, які быў расстраляны ў 1937 годзе.
«Вось яна, вяршыня міжваеннай паэзіі. Вершы Юлія Таўбіна мадэрныя па форме, а калі гаварыць пра філасофскі змест, то ніякага апісання пад гэтым відэа не хопіць. Беларуская паэзія тады імкліва развівалася, і вершы Таўбіна фіналяць гэты амбітны перыяд», — пазначана ў апісанні агучкі.
«Можна ганарыцца, што ў Беларусі быў свой Рэмбо (я пра фенаменальную адоранасць і раннюю сталасць аўтара, які ўсю сваю «нятленку» стварыў у 17-21 год.) Можна толькі ўяўляць, чаго дасягнуў бы гэты творца, не знішчы яго на самым узлёце сталінскі механізм масавых забойстваў, — пісаў пра паэта Андрэй Хадановіч. — Але трэба сказаць неабходнае: творчасць паэта вартая самай пільнай увагі нават і без папраўкі на ўсе гэтыя трагічныя акалічнасці, бо ён паспеў-такі напісаць некалькі твораў, якія абавязкова зоймуць пачэснае месца ў нашым літаратурным каноне. Варта толькі належным чынам перачытаць аднаго з самым недаацэненых у нас лірыкаў».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

