«Інтэрпрэтацыя — вельмі істотная справа»: беларускі даследчык Васіль Герасімчык пра публікацыю расійскім гісторыкам перадсмяротных лістоў Каліноўскага

Главное
Кастусь Каліноўскі. Фота: wikimedia

Расійскі гісторык Аляксандр Дзюкаў апублікаваў перадсмяротныя лісты Кастуся Каліноўскага да яго нарачонай Марысі Ямант. Публікацыю заўважыў «Белсат».

Як распавёў гісторык, падчас архіўных пошукаў яму ўдалося знайсці сапраўдныя перадсмяротныя лісты Каліноўскага з турмы, напісаныя ім незадоўга да пакарання смерцю. Лісты не былі вядомыя ні гісторыкам, ні грамадскасці.

Аднак пра іх існаванне беларускія гісторыкі ўсё ж ведалі. У сваіх успамінах Людвіка Радзевіч, родная сястра Марысі Ямант, згадвае цытаты з іх.

Дзюкаў мяркуе, што гэтыя лісты кардынальна мяняюць уяўленне пра лідара паўстання 1863 года, таму што напісаныя не на беларускай, а на польскай мове, і ўяўляюць сабой не «нацыянальна-палітычны маніфест» і «запавет нашчадкам», а звароты да каханай і Бога.

Таксама гісторык сцвярджае, што вядомыя «Лісты з-пад шыбеніцы» (той самы «нацыянальна-палітычны маніфест») былі напісаны задоўга да арышту лідара паўстанцаў.

«Незалежна ад таго, як інтэпрэтуюцца лісты Аляксандрам Дзюкавым і з якой мэтаю, гэта чарговая важная цагліна ў вывучэнні постаці Каліноўскага і гісторыі паўстання 1863-1864 гадоў», — заўважае беларускі гісторык Васіль Герасімчык, да якога Reform.by звярнуўся па каментар з нагоды важнай знаходкі.

Васіль Герасімчык, гісторык, даследчык:

— Прадстаўленыя Аляксандрам Дзюкавым у часопісе «Тетради по консерватизму» выявы лістоў да «каханай, дарагой мне Марылькі» сведчаць, што яны напісаныя почыркам, падобным да Каліноўскага. Нехта з калегаў нават падкрэсліў гэта параўнаннем выявы польскамоўнага і беларускамоўнага лістоў Каліноўскага, якая з’явілася ў медыя. Да таго ж лісты падпісаныя імем Канстанцін.

«Інтэрпрэтацыя - вельмі істотная справа»: беларускі даследчык Васіль Герасімчык пра публікацыю расійскім гісторыкам перадсмяротных лістоў Каліноўскага
Ліст з-пад шыбеніцы і ліст Каліноўскага да Марысі Ямант (параўнанне). Фота: «Белсат»

У мяне няма сумневаў, што яны сапраўдныя. Але мне падаецца, што нумарацыя лістоў, дадзеная Аляксандрам Дзюкавым, заўчасная, бо сярод іх, напрыклад, няма таго, дзе павінен быць радок «Зайздрошчу свабодзе нават той вароны, якую бачу са свайго вакна на снезе». Менавіта яго прыводзіла ў сваіх успамінах Людвіка Радзевіч, родная сястра Марысі Ямант, як вытрымку з аднаго з такіх асабістых лістоў.

Яе ўспаміны я перакладаў незадоўга да вайны Расіі супраць Украіны і дасылаў якраз Аляксандру Дзюкаву, спадзеючыся на іх друк. Ва ўступе да яго я якраз даваў узгадку пра паўторны арышт Марыі Ямант у 1866 годзе пасля аднаго з замахаў на імператара Аляксандра ІІ і следчыя матэрыялы на гэты конт.

Магчыма, гэта магло падштурхнуць Аляксандра Дзюкава на пошук матэрыялаў яе справы, што ён і зрабіў.

У іх якраз і былі тыя асабістыя лісты Каліноўскага да Ямант.

Прычым цікава, што адзін з лістоў (ад 6 сакавіка 1864 года) захоўваецца ў Вільні ў асабістых матэрыялах цёткі Марыі Ямант Макжыцкай, а астатнія пяць — сярод дакументаў самой Марыі Ямант. Гэта істотна, таму што паказвае: Макжыцкая магла так жа спакойна, як захоўвала адзін з перадсмяротных лістоў Каліноўскага да Марыі Ямант, вынесці прызначаныя асабіста Каліноўскім для шырокага распаўсюду «Лісты з-пад шыбеніцы», яго своеасаблівы палітычны тэстамент, для іх далейшага друку: у 1867 годзе яны з’явіліся ў Парыжы.

Было б цікава даведацца імя даследчыка, які сапраўды знайшоў гэты ліст у архіве ў Вільні, таму што, як разумею, сам Аляксандр Дзюкаў не меў такой магчымасці. У той жа час ён выявіў лісты да Марыі Ямант у Омску.

Гэта выдатная знаходка, і я згодны з калегамі, якія выказаліся, няхай і ананімна, што за яе трэба падзякаваць расійскаму гісторыку. Незалежна ад таго, як інтэпрэтуюцца лісты Аляксандрам Дзюкавым і з якой мэтаю, гэта чарговая важная цагліна ў вывучэнні постаці Каліноўскага і гісторыі паўстання 1863-1864 гадоў.

Пры гэтым інтэрпрэтацыя — вельмі істотная справа, таму што расійскія гісторыкі будуць прапаноўваць адно разуменне, беларускія — іншыя, і, на жаль, накладаецца яшчэ бягучы момант ды палітызацыя. Напрыклад, словы ў адным з лістоў «nasz biedny ludek» былі перакладзены як «наш бедны народзік» па-беларуску і як «наш бедный народец» па-руску.

Адчуваеце розніцу ва ўспрыманні на розных мовах? А на гэтых словах Аляксандр Дзюкаў робіць выснову, што Каліноўскі быццам бы глядзіць на сялянаў «свысока и одновременно желает их облагодетельствовать, при необходимости – насильно». У маім жа разуменні, тут наадварот, ступень павагі і пашаны, таму што навошта ў іншым выпадку Каліноўскі піша: «Ды хіба не гонар прынесці жыццё для яго ў ахвяру?».

Ці, напрыклад, у сваёй кнізе 2018 года я звяртаў увагу, што Каліноўскі быў чалавекам веруючым, у адрозненне ад таго вобразу, што складаўся ў часы СССР, але Аляксандр Дзюкаў называе яго не проста веруючым, а як «верующий католик». Аднак гэта не вынікае з лістоў, нягледзячы на змешчаныя ў іх узгадкі пра Бога, там няма слоў пра Касцёл. Сам Каліноўскі быў чалавекам веруючым, але выступаў за ўніяцтва, пра якое пісаў і ў «Лістах з-пад шыбеніцы».

Істотна і тое, як ужо звярнулі ўвагу журналісты, што ў самых лістах адсутнічае ўзгадка пра Польшчу, якую Каліноўскі не называе ні разу. Аднак тут варта глыбока прааналізаваць тэксты, на падставе якіх можна падрыхтаваць цэлае навуковае выданне.

Не згодны з Аляксандрам Дзюкавым, што Каліноўскі быццам бы імкнуўся неяк уратавацца ад смяротнага прысуду. Я чытаў паказанні тых, хто такую мэту сапраўды меў. На падставе паказанняў і знойдзеных лістоў мне гэта не падаецца, наадварот, згодны з прапанаванай у медыя гіпотэзай, што лідар паўстання ў Літве і Беларусі проста імкнуўся такім чынам пакінуць апошнія цёплыя словы для сваёй каханай.

У любым выпадку гэтая знаходка разам са знойдзенымі Алесем Смаленчуком беларускамоўнымі тэкстамі, якія, найбольш верагодна таксама належалі аўтарству Кастуся Каліноўскага (там падобны почырк, але трэба праверка адмыслоўцаў) паказваюць, што пошукі варта працягваць. Магчыма, будзе калісьці знойдзеная і дыпломная праца Каліноўскага.

Пакуль жа ў Беларусі імя Каліноўскага прыбіраюць з публічнай прасторы, але гэта ўжо было напрыканцы 1920-х гадоў, калі ў БССР згортвалася палітыка беларусізацыі і пачыналіся рэпрэсіі нацыянал-камуністычнай эліты. Тады падставу для наступу на імя рэвалюцыянера, які, як не дзіўна, савецкай прапагандай ператвараўся ў галоўны вобраз змагара беларусаў супраць «польскіх паноў», дала праца гісторыка Агурскага, затое ёй мы абавязаныя першым факсімільным выданнем усіх нумароў «Мужыцкай праўды».

Цёмны час у любым выпадку скончыцца, і імя Каліноўскага будзе вернутае і на афіцыйным узроўні, бо сама незалежная Беларусь непарыўна звязана з постаццю Кастуся Каліноўскага. Яго вобраз з’яўляўся крыніцаю натхнення для беларусаў, што будавалі сваю краіну.

На жаль, цэнзараванне нашай гісторыі закранае не толькі постаць Каліноўскага. Усё з-за таго, што ў межах Беларусі, якая прапагандаю выводзіць свой пачатак з ідэяў рэвалюцыі і БССР, ды Расіі, якая грунтуе цяпер сваю гісторыю на спадчыне Расійскай імперыі, а не СССР, немагчыма пакінуць не толькі Каліноўскага, але, напрыклад гоманаўцаў 1880-х, якіх такія гісторыкі як Ігар Марзалюк залічваюць у лік творцаў нацыянальнай ідэі. Гоманаўцы выводзілі свой пачатак з беларускай ячэйкі «Народнай волі», закладзенай Ігнатам Грынявіцкім, забойцам расійскага імператара Аляксандра ІІ, што зноў жа дысануе з тым вобразам гісторыі, які нам настойліва прапануецца з Усходу.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: