Прагуляцца па залах аднога з найлепшых музейных комплексаў Еўропы — Музея гісторыі польскіх габрэяў POLIN у Варшаве — цяпер можна ў кампаніі перакладчыка і мовазнаўцы Сяргея Шупы. Менавіта яго голас гучыць у беларускамоўным аўдыёгідзе, створаным адмыслова для адноўленай экспазіцыі інстытуцыі.
Аўдыёгіды ў музеі POLIN даступныя на адзіннаццаці мовах. У сувязі з адноўленай экспазіцыяй быў зроблены перазапіс беларускамоўнага аўдыёгіду, да якога спрычыніўся Сяргей Шупа.
Нагадаем, што філолаг і грамадскі дзеяч з’яўляецца перакладчыкам твораў Э. По, Х. Л. Борхеса, Б. Шульца, Э. Керэта, Л. Дарэла, Б. Віяна, Дж. Джойса, М. Ергавіча. У прыватнасці, Сяргей Шупа пераклаў з ідышу роман «Зэлмэняне» габрэйскага пісьменніка Мойшэ Кульбака — новае выданне без савецкай цэнзуры выйшла ў 2024 годзе ў выдавецтве «Вясна». То-бок мовазнаўца не з’яўляецца для тэмы музея староннім даследчыкам.
Супрацоўніцтва Сяргея Шупы і музея POLIN адбылося дзякуючы праграме ArtPower Belarus, якую Беларуская Рада культуры рэалізуе сумесна з Дацкім інстытутам культуры пры фінансавым спрыянні Еўразвязу.
Музей POLIN — гістарычны музей, які прадстаўляе 1000-гадовую гісторыю польскіх габрэяў. Яго праект паўстаў у выніку працы шырокай міжнароднай сеткі падтрымкі — была сабрана ўнікальная дакументацыя аб польскай юдаіцы ў краіне і за мяжой, што ў далейшым была скарыстана для распрацоўцы яго канцэпцыі.
Асноўная экспазіцыя музея, якая займае больш за 4000 квадратных метраў, прадстаўляе комплексны наратыў пра габрэйскую гісторыю ў Польшчы ў васьмі галерэях. Гэтыя галерэі ахопліваюць перыяды ад першых габрэйскіх пасяленцаў у Польшчы да Халакоста і пасляваенных гадоў, выкарыстоўваючы мультымедыйныя наратывы, інтэрактыўныя інсталяцыі і рэканструкцыі, такія як дах і столь сінагогі ў Гвоздзецы. У музеі таксама працуе партал Virtual Shtetl, які змяшчае шырокую інфармацыю пра жыццё габрэяў у Польшчы да і пасля Халакосту. Галоўная экспазіцыя інстытуцыі — Core Exhibition — атрымала прэмію «Еўрапейскі музей года» ў 2016 годзе.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram