Нацыянальны тэатр оперы і балета Беларусі плануе гастролі ў анексаваным Крыме ў жніўні 2025 года, паведаміла «Люстэрка». Паводле інфармацыі, атрыманай ад некалькіх незалежных крыніц, балетная трупа прадставіць балет «Жызель» у Севастопалі, плануюцца чатыры паказы.
Аднак — паводле «Люстэрка» — калектыў па большай частцы супраць паездкі ў Крым, тэатр цісне на артыстаў, у тым ліку намякаючы на праблемы ў далейшай кар’еры.
Палітолаг Павал Усаў расказаў «Польскаму радыё», што перад артыстамі стаіць сур’ёзны экзістэнцыяльны выбар: «Не можа быць тлумачэнняў, што мы не можам нічога зрабіць. Ідзе вайна. Расійскі агрэсар забівае ва Украіне, Беларусь выкарыстоўваецца як плацдарм. І адзіны ў беларускіх умовах супраціў – маральны. І гэта тая сітуацыя, калі неабходна гэты супраціў прынамсі такім чынам выказаць. Самы просты крок – гэта захварэць і не паехаць. Але калі сітуацыя безвыходная, то, я лічу, лепш захаваць чалавечнасць, чым працу».
Рэдакцыя reform.news вывучыла афішу культурных падзей горада Севастопаля і пакуль не знайшла там балета «Жызель» ад Вялікага тэатра Беларусі. Магчыма, бліжэй да жніўня афіша будзе дапаўняцца новымі падзеямі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram