Пасля поспеху ў эфіры «Mam Talent!» дзяўчаты са «Spievau» вырашылі раскрыць карты і распавялі, як беларускія традыцыйныя спевы трапілі на адну з самых вялікіх тэлепляцовак Польшчы. Нагадаем, выступ гурта з гіпнатычнай песняй «Каляды» выклікаў захапленне ва ўсіх чатырох чальцоў журы.
Пра шлях на шоу і «Vogue»
Дзяўчаты прызналіся, што ініцыятыва зыходзіла ад самой рэдакцыі TVN, а вопыт працы з буйнымі брэндамі ў іх ужо быў:
«Да праграмы трапілі дзякуючы запрашэнню каманды рэдактараў. Яны ўбачылі публікацыі пра нас, паслухалі і прапанавалі запоўніць заяўку. Мы пагадзіліся — нам заўсёды цікава, куды можа завесці запал да спеваў. Раней ужо былі выступы на фестывалях і публікацыі ў Vogue Polska, таму мы хацелі паспрабаваць і гэтым разам».

Пра цяжар здымак і магію моманту
Як падзяліліся ўдзельніцы хору, здымкі праходзілі яшчэ зімой. За кадрам засталася шматгадзіннае чаканне.
«Гэта было адначасова цікавае і патрабавальнае выпрабаванне. Доўгі дзень, шмат людзей, святло, але ўвесь працэс вельмі зацягваў. Сам выступ праляцеў вельмі хутка, а размовы з журы былі цёплымі і сардэчнымі. Маем адчуванне, што пад канец доўгага дня нашая песня была для журы хвілінай спакою дзякуючы гіпнатычнаму гучанню і шматгалоссю».
Пра тое, што значаць чатыры «Так»
Нягледзячы на поспех, дзяўчаты цвяроза ацэньваюць сітуацыю:
«Чатыры «так» не гарантуюць удзел у паўфінале. Аднак яны даюць пачуццё ўпэўненасці і з’яўляюцца важным прызнаннем нашай працы. Мы атрымалі шмат энергіі і хочам далей пашыраць цікавасць да культуры праз спеў».
Цяпер застаецца чакаць рашэння прадзюсараў і спадзявацца на сустрэчу ў паўфіналах ужо ў прамым эфіры.
SPIEVY — гэта жаночы праект эмігрантак з Беларусі і Украіны, які выконвае традыцыйныя беларускія спевы і спевы памежных славянскіх тэрыторый — Польшчы, Украіны і Літвы. Створаны з ініцыятывы мастачкі Караліны Паляковай і развіты калектыўнымі намаганнямі жанчын, ён пачаў збірацца вясной 2023 года пад Свентакшыскім мостам у Варшаве. Пад кіраўніцтвам даследчыцы этнаграфічных архіваў і лідаркі этна-электроннага дуэта Šuma Русі ўдзельніцы вывучаюць аўтэнтычныя песні, якія спявалі жанчыны падчас паганскіх абрадаў і рытуалаў. У кастрычніку мінулага года хор выдаў свой першы міні-альбом «Іскарка».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
