Reform.news

«Гісторыі нашых народаў вельмі падобныя»: Павел Баркоўскі пра канферэнцыю ў Дубліне, прысвечаную нацыянальнай ідэнтычнасці

Reform.news · 27 октября 2026, 14:42

https://reform.news/gistoryi-nashyh-naroda-velmi-padobnyja-pavel-barko-ski-pra-kanferjencyju-dubline-prysvechanuju-nacyjanalnaj-idjentychnasci/

У Дубліне сёння праходзіць канферэнцыя «Ірландыя і Беларусь: нацыянальная і культурная ідэнтычнасць».

Размова ідзе пра тое, што можа дапамагчы беларускай культуры сёння — ва ўмовах русіфікацыі, рэпрэсій і вымушанага выгнання.

Сярод выступоўцаў — Святлана Ціханоўская, кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі; Томас Бірн, дзяржаўны міністр Ірландыі па еўрапейскіх справах і абароне; Дойран Ні Глахайн, ірландская даследчыца, журналістка і тэлевядоўца; Донаха О’Біхан, прафесар паліталогіі Дублінскага гарадскога ўніверсітэта.

Таксама ўдзел у канферэнцыі бяруць пісьменнікі, даследчыкі і дзеячы культуры абедзвюх краін.

Купалаўцы паказваюць фрагменты з «Перакладаў» Браяна Фрыла. Фота: facebook.com/andrej.khadanovich

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Павел Баркоўскі для Радыё Рацыя патлумачыў, што «гэта першы фармат, калі мы менавіта на ўзроўні Міністэрства замежных спраў Ірландыі ладзім супольную канферэнцыю. Чаму з Ірландыяй? Таму што насамрэч гісторыі нашых народаў вельмі падобныя. Абодва нашы народы многія гады былі ахвярамі каланізацыі з боку моцнага ўсходняга суседа. І гэты ўсходні сусед заваёўваў тэрыторыю, усталёўваў там свае парадкі і навязваў сваю мову. І гэтая мова ў Ірландыі дасюль яшчэ дамінуе. Нават пасля 80 гадоў незалежнасці яны не могуць цалкам адрадзіць выкарыстанне ірландскай мовы ў грамадстве. Большасць людзей працягвае карыстацца ангельскай.

Менавіта таму гэтая канферэнцыя – першая прыступка да тэмы нашай супрацы».

Святлана Ціханоўская дыскутуе пра беларускую мову і нацыянальную ідэнтычнасць. Фота: facebook.com/andrej.khadanovich

Акрамя тэмы моўнай палітыкі, абмяркуюць працяг беларуска-ірландскай супрацы, перадусім — у галіне тэатра і перакладаў.

Напрыклад, пры дапамозе Міністэрства замежных спраў Ірландыі, у выдавецтве «Гутэнберг» выйшаў пераклад серыі дзіцячых кніг ірландскіх аўтараў на беларускую мову.

Кнігі выдавецтва «Гутэнберг» на каферэнцыі ў Дубліне. Фота: сацсеткі

«Таму гэта тыя тэмы, якія нас ужо лучаць, якія могуць стаць першай прыступкай, каб развівацца далей», — мяркуе Павел Баркоўскі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий