Reform.news

Ініцыятыва Maldzis набыла раннюю карціну мастака Парыжскай школы Міхаіла Кікоіна

Reform.news · 27 октября 2026, 18:47

https://reform.news/inicyjatyva-maldzis-nabyla-rannjuju-karcinu-mastaka-paryzhskaj-shkoly-mihaila-kikoina/

Ініцыятыва Maldzis набыла на аўкцыёне ў Ізраілі карціну знакамітага прадстаўніка Парыжскай школы мастацтва – Міхаіла Кікоіна, які паходзіў з Гомеля.

«Партрэт жанчыны» датуецца 1918–1920 гадамі, выкананы ў тэхніцы алейнага жывапісу на дошцы, мае авальную форму і падпісаны аўтарам.

Праца адносіцца да ранняга парыжскага перыяду творчасці мастака, калі ён яшчэ жыў у майстэрнях «La Ruche» («Вулей») і толькі пачынаў набываць прызнанне.

«Вяртанне імёнаў мастакоў Парыжскай школы – гэта не толькі праца з мінулым і з нашай гістарычнай памяццю, калі мы аднаўляем забытыя ці невядомыя старонкі і постаці. Лёс і творчасць Кікоіна даюць нам новы доказ таго, што Беларусь была часткай еўрапейскай культуры і зрабіла значны ўнёсак у яе развіццё», — патлумачыў кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч.

Твор Кікоіна быў куплены на сродкі Паўла Данэйкі, Івана Шылы, а таксама мецэнаткі, якая пажадала застацца неназванай.

7 лістапада карціну можна будзе пабачыць на канферэнцыі TEDxUlicaMińskaWomen у Варшаве.

У будучыні набыты MALDZIS твор плануецца перадаць у Музей гісторыі Гомеля ў якасці грамадскага падарунка. У гомельскіх музеях няма жывапісных твораў Кікоіна.

Міхаіл Кікоін «Партрэт жанчыны». Фрагменты. Фота: maldzis.world

Міхаіл Кікоін нарадзіўся 14 траўня 1892 года ў габрэйскай сям’і Кікоінаў у Гомелі. З 1905 года Міхаіл вучыўся ў Менскім камерцыйным вучылішчы, а паралельна наведваў заняткі ў прыватнай мастацкай школе Якава Кругера. Тут ён пасябраваў з Хаімам Суціным.

У 1909 годзе Кікоін разам з Суціным супраць волі сваёй сям’і пераехаў у Вільню і паступіў у Віленскую мастацкую школу – у тыя часы галоўную навучальную ўстанову для жывапісцаў у нашым рэгіёне. У Вільні адбылося знаёмства Кікоіна і Суціна з Пінхусам Крэменем – гэта быў пачатак шматгадовага сяброўства тройкі мастакоў.

Міхаіл займаўся і рэвалюцыйнай дзейнасцю – уступіў у габрэйскую сацыял-дэмакратычную партыю «Бунд». У 1912 годзе Кікоін пераехаў у Францыю, у Парыж, дзе пасяліўся ў «La Ruche» – знакамітым доме, створаным для маладых мастакоў мецэнатам Альфрэдам Бушэ. Пакінуць гэтае месца ён змог толькі пасля таго, як ягоныя карціны пачалі паспяхова прадавацца ў галерэях і салонах. На той момант яму было 36 гадоў.

У 1919 годзе ў Парыжы ў галерэі «Cheron» адбылася першая персанальная выстава Кікоіна. У 1924 годзе Міхаіл Кікоін атрымаў французскае грамадзянства. У 1926 годзе ён набыў дом у вёсцы Анэ-сюр-Серэн у Бургундыі, куды на працягу многіх гадоў прыязджаў працаваць.

У 1939 годзе, пасля пачатку Другой сусветнай вайны, мастака прызвалі ў французскую армію, дзе ён служыў у рэзервовым палку ў Суасоне. Пасля капітуляцыі Францыі Кікоіна дэмабілізавалі, і ён вярнуўся ў Парыж. У 1941–1944 гадах, хаваючыся ад нацыстаў, разам з сям’ёй жыў у ваколіцах Тулузы.

З 1945 года Кікоін вярнуўся да творчасці. У 1950-я гады мастак здзейсніў некалькі падарожжаў па Іспаніі, Італіі і Вялікабрытаніі, наведаў Ізраіль.

Мастак памёр у Парыжы 4 лістапада 1968 года.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий