«Апошні сабака» (The Last Dog) — так называецца новы дакументальны праект беларуска-польскага кінематаграфіста і дырэктара фестывалю беларускіх фільмаў «Bulbamovie» Януша Гаўрылюка. Стужка, якая пакуль знаходзіцца ў вытворчасці, звярнула на сябе ўвагу міжнародных экспертаў і атрымала спецыяльную ўзнагароду ад кампаніі NO PROBLEMO MUSIC на прэстыжным Кракаўскім кінафестывалі (Krakow Film Festival 2026).
Адзнака была ўручана падчас індустрыяльнай часткі форуму — KFF Industry. Праект развіваецца ў межах DOC LAB POLAND (праграма Кінафундацыі імя Уладзіслава Сьлесіцкага) — галоўнага інкубатара для лепшых дакументальных стужак рэгіёна.
Пра што фільм?
«Апошні сабака» — гэта гісторыя, якая разгортваецца на стыку чароўнай казкі і суровай рэчаіснасці. У цэнтры сюжэта — два аўтсайдары з зусім розных светаў: Ларан — архітэктар з Бельгіі і Ясюк — вулічны музыка з падляшскай Гайнаўкі.
Героі спрабуюць захаваць сваё сяброўства, змагаюцца з міфічнымі «ганчарамі» і шукаюць сваё месца ў гэтым свеце. Гэта тонкае даследаванне чалавечых стасункаў на фоне памежжа.

Каманда праекта: адмыслоўцы незалежнага кіно
Над фільмам працуе каманда, знаная ў колах польскага незалежнага кіно. Гэта кампанія ZIZU Films — прадзюсары Караль Загорскі і Конрад Загорскі. Студыя часта бярэцца за камерныя, вельмі асабістыі гісторыі і спецыялізуецца на прасоўванні лакальных культурных праектаў на буйныя міжнародныя пляцоўкі і пітчынгі, забяспечваючы аўтарам магутную прадзюсарскую падтрымку ў Еўропе.
Для незалежнага дакументальнага кіно адзнака ад NO PROBLEMO MUSIC — гэта магутны практычны буст на стадыі постпрадакшну. Кампанія з’яўляецца прафесіяналам у сферы музычнага афармлення, і гэтая ўзнагарода адкрывае для каманды канкрэтныя магчымасці.
Паколькі адзін з галоўных герояў фільма — вулічны музыка, прафесійная праца з гукам дапаможа напоўніцу раскрыць яго персанажа і стварыць той самы эфект «паміж казкай і рэальнасцю».

Кракаўскі кінафестываль уваходзіць у лік фестываляў, акрэдытаваных Амерыканскай кінаакадэміяй, што робіць любы поспех на гэтай пляцоўцы важным крокам да міжнароднага прызнання і пракату. Сёлета ён праходзіць з 31 траўня па 7 чэрвеня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
