На фэсце Burning Man зноў з’явіцца беларускі лагер MARA.
«Наш леташні дэбют у Burning Man зрабіў сапраўдную сенсацыю: нашы «Лазня» і «Дранікі» заваявалі мноства водгукаў, а некаторыя нават назвалі MARA лепшым лагерам сезона. У 2026 годзе мы вернем у пустыню тое, чым ганарымся больш за ўсё, — нашы традыцыі, культуру і душэўнае цяпло», — піша каманда.
У беларускага кэмпа будуць тры складнікі:
- LAZNIA — рытуал ачышчэння цела і духу
- DRANIKI — цэнтр гасціннасці
- DRACAR — арт-аўтамабіль для начных падарожжаў
Плюс супольнась з 60 чалавек, якія разам дзеляцца сваімі традыцыямі са светам. Да ініцыятывы запрашаюць далучыцца.
Mara Camp летась з‘явіўся дзякуючы агенцыі Vondel Digital, заснаванай былым палітвязнем Аляксандрам Васілевічам.

Фестываль Burning Мan у ЗША праходзіць штогод. Падчас імпрэзы паўстае своеасаблівы горад, у якім амаль усё, што адбываецца, цалкам ствараецца яго жыхарамі. У пустыні ўсталёўваюцца творы сучаснага мастацтва, часта фантастычных формаў. Некаторыя з іх спальваюцца стваральнікамі да заканчэння фэсту.
Кульмінацыяй фэстывалю з‘яўляецца спальванне вялізнай скульптуры чалавека.
Сёлета фестываль Burning Man пройдзе ў пустыні Блэк-Рок у Невадзе з 30 жніўня па 7 верасня. Гэлоўная тэма фэсту — творчыя інтэрпрэтацыі касмічнага дрэва, аднак мастацкія інсталяцыі вітаюцца і заахвочваюцца ў Black Rock City незалежна ад таго, увасабляюць яны тэму гэтага года ці не.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
