Дубавец, Каляда, Дзядзенка. Назвалі пераможцаў літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця

Сёння ў Гданьску ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў 14-ты раз прайшла цырымонія ўручэння прэміі імя Ежы Гедройця. Пачалося свята літаратуры з раніцы шэрагам імпрэзаў, у тым ліку прэзентацыямі кніг-намінантаў і кніжным кірмашом.

А 19-й гадзіне распачалася афіцыйная цырымонія. Вечар адкрыў дудар Дзяніс Шматко (гурт Lity Taler), пасля яго  музычнага выступу прывітальныя словы сказалі намеснік Прэзідэнта горада Гданьска Пётр Бараўскі і дырэктар Еўрапейскага Цэнтра Салідарнасці і сябар Праўлення Польскага Пэн-клуба Базыль Керскі. У будынку Еўрапейскага цэнтру Салідарнасці немагчыма было не згадаць досвед барацьбы грамадзян Польшчы. Старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай таксама згадала паплечнікаў, якія знаходзяцца ў зняволенні. Прэс-сакратар Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў і суарганізатар прэміі Ціхан Чарнякевіч назваў сімвалічным той факт, што прэмія збірае людзей з розных краін, што супадае з ідэямі самога Ежы Гедройця.

Фіналістак і фіналістаў прэміі прадставілі з дапамогай буктрэйлераў ад беларускай відэавытворчай каманды Numar8Production.

І нарэшце абвясцілі трох пераможцаў. Журы выбрала найлепшыя празаічныя ці дакументальныя кнігі, выдадзеныя ў 2024 годзе.

I месца атрымаў Сяргей Дубавец, аўтар кнігі «Занзібар: сталеньне маладой душы».

Рашэннем журы аўтар узнагароджаны за філасофскую рэфлексію над пошукамі нацыянальнай ідэнтычнасці свайго пакалення. Пераможца атрымаў галоўную ўзнагароду пры падтрымцы Фонду міжнароднай салідарнасці.

Выступаючы на сцэне са словамі ўдзячнасці, Сяргей Дубавец паабяцаў напісаць працяг.

Рэцэнзію на кнігу можна прачытаць тут.

II месцаЮгася Каляда, аўтарка кнігі «Перамена месцаў».

Аўтарка ўзнагароджана за фантасмагарычнае адлюстраванне зрухаў у беларускім грамадстве творчай стыпендыяй і месяцам працы на шведскім востраве Готланд.

Прыз забяспечыў суарганізатар прэміі – Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Югася Каляда атрымала ІІ месца прэміі імя Ежы Гедройця. Скрын відэа

Рэцэнзія на кнігу тут.

III месца – Зміцер Дзядзенка, аўтар кнігі «Гульні Цырцэі».

Журы адзначыла кнігу за асэнсаванне гістарычнай повязі часоў у вострасюжэтнай форме.

Прыз – выданне наступнай кнігі пры падтрымцы Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў.

Зміцер Дзядзенка атрымлівае дыплом фіналіста прэміі Гедройця. Скрын відэа.

Рэцэнзію на кнігу можна прачытаць тут.

У журы прэміі: ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, кандыдатка філалагічных навук Катажына Дрозд-Урбаньска; літаратуразнаўца і драматург, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай Сяргей Кавалёў; паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч.

Спецыяльным прызам партнёра прэміі, Audiobooks.by, была ўзнагароджана кніга Югасі Каляды «Перамена месцаў». Чытачы і слухачы абралі з кароткага спісу твор, што будзе агучаны прафесійнай камандай аўдыявыдавецтва.

Югася Каляда атрымлівае спецыяльную ўзнагароду на выданне аўдыябука. Скрын відэа

Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца штогод з 2012 года і адзначае тры найлепшыя кнігі, напісаныя па-беларуску ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы.

Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Польскі ПЭН-клуб і Беларускае культурнае таварыства «Хатка».

Партнёры падзеі: Audiobooks.by, Reform.news, Еўрапейскае радыё для Беларусі, Numar8Production.

Праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!