«Культурны фронт» сумесна з Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам пісьменнікаў працягвае серыю публікацый пра шорт-лістараў галоўнай літаратурнай узнагароды. Чацвёрты наш аўтар — Югася Каляда, якая ўвайшла ў кароткі спіс Прэміі Гедройця з раманам «Перамена месцаў». Кніга выйшла ў выдавецтве «Пфляўмбаўм».
Шаноўны чытач! Ці здольны Вы супрацьстаяць папулярнай фабуле, калі два героі ў творы мяняюцца целамі? Не спяшайцеся з адказам. Аглядальнік Reform.news як дзіця «клюнуў» на гэты сюжэтны ход у кніжцы Югасі Каляды «Перамена месцаў» і не спыніўся, пакуль не прачытаў увесь твор. І ведаеце што? Беларускія аўтаркі ўмеюць здзіўляць.
«Сітуацыйная камедыя» пераўтвараецца ў сацыяльна-палітычную драму на тле гомельскіх гарадскіх відарысаў. Гэты раман нясе ў сабе адзін з найважнейшых выклікаў нашага часу: ці здольныя мы зразумець, што з намі адбываецца? І ці здольны паразумець адно аднаго?
Югася Каляда (Яўгенія Парашчанка) — беларуская пісьменніца, паэтка, праваабаронца. Нарадзілася ў Гомелі. Навучалася на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (Менск). У 2006 годзе вучылася на юрыдычным факультеце менскага Інстытуту парламентарызму і прадпрымальніцтва.
У 2004 годзе стала адной з пераможцаў конкурсу маладых літаратараў імя Пэтраркі. У 2005 годзе выйшла першая кніжка прозы Каляды «Галоўная памылка Афанасія», якую філосаф Ігар Бабкоў назваў «самым скандальным і кантравэрсійным літаратурным дэбютам дзесяцігодзьдзя». «Перамена месцаў», выдадзены ў 2024 годзе, — другі раман пісьменніцы, якая цяпер жыве ў эміграцыі ў Вільні.
Альбіна і Маня ў краіне «мараў».
Галоўныя персанажы містычна-рэалістычнага рамана пісьменніцы жывуць у Гомелі. Не ў Амерыцы ці Бразіліі, Польшчы ці Францыі. А ў чароўным Гомелі, як любіць казаць наш падарожнік-дылетант Юрась Жыгамонт, «Рэспублікі Беларусь». І менавіта ў цягніку з Менску ў Гомель дзве жанчыны рознага веку, знешнасці і характару апынуцца ў адным вагоне на суседніх крэслах і дамовяцца памяняцца месцамі. У выніку… нараніцу кожная прачнецца не толькі не ў сваёй кватэры, а і ў чужым целе. Мяркую, што хтосьці з чытачоў ужо падумаў пра так званы жаночы раман, камедыю сітуацый, але не спяшайцеся з высновамі.
(Заўжды захаплялі простыя і дасціпныя прыдумкі: тое, што спадарыня Югася надзяліла містычнай сілай менавіта прастору цягніка, не пакінулі без увагі).
Такім чынам, Альбіна і Маня. Гераіні твора, якіх можна далучыць да розных сацыяльных класаў. Саракагадовая Альбіна — працуе суддзёй, мае мужа-пісьменніка і кватэру ў гомельскім раёне Валатава. І дваццацічатырохгадовая Маня, якая перабралася ў Гомель з вёскі, акрамя таго, што мае двухпакаёвую кватэру на Старым Аэрадроме, намагаецца наладзіць стасункі з «гуляшчым» дармаедам — мужам. Сама таксама часова працы не мае. Гэтыя дзве дзяўчыны — лічы, інь і ян. Чорнае і ружовае. Служачая і дзяўчына з «простых». Што агульнага паміж імі можа быць?
Цытата з кнігі
Седзячы паміж лядоўняй і сталом, Альбіна — ці не Альбіна? — з сумам сузірала чужую — ці не чужую? — кватэру. Рондалі, кубачкі, баршчы ў лядоўні… Усё ня тое! Сярод іх не было выйсьця з гэтай празьмерна насычанай колерамі і рэчамі кватэры. А раптам яна назаўжды застанецца тут, сярод фіранак, баршчоў і вазачак?
Альбіна заўважыла, што ейныя босыя ногі стаяць на пухнатым смарагдавым кіліме — ён нібыта засмоктваў яе, як зыбкі пясок.
— Я нават ня ведаю, як мяне завуць… — Альбіна ўжо была гатовая ўголас зьвярнуцца да невядомай сілы, якая закінула яе ў іншае жыцьцё, як раптам у яе зьявіўся пэўны надум.
Здаецца, анічога, акрамя жадання трапіць назад у свае целы. Але, калі прыгледзецца, то Маня і Альбіна жывуць у адным горадзе, у адной краіне і ў адным часе — тое, на што звычайна не прынята звяртаць увагу ў «камедыях сітуацый».
Югася Каляда пачынае з папулярнага сюжэтнага гамбіту, назавем яго так, каб пазнаёміцца з беларускамі (і беларусамі). Хто яны? Як могуць выглядаць? Якія маюць памкненні? Як жывуць? І паступова дае нам карціну не проста асобнай сям’і, сацыяльнага класа, а цэлага грамадства. Нельга сказаць, што чытач атрымае ўвесь спектр тыпажоў часу, але пазнае галоўны «сюжэт», які, па сутнасці, стане кульмінацыяй рамана.
Але аўтарка будзе весці да крытычнай кропкі гераіняў крок за крокам.
Альбіна, у прыватнасці, апынецца ў чужым целе, каб не толькі апрануць халат у каляровыя ружы, які носіць гаспадарлівая Маня, а каб убачыць свет вачыма чалавека, перад якімі адкрыта не так шмат дзвярэй (і вокнаў) магчымасцей.
У цягніку з Менску Альбіна ў думках крытыкавала выгляд спадарожніцы: маўляў, жудасныя штаны ў абцяжку, выпаленыя валасы, а цяпер Альбіна сама апынулася ў гэтым недасканалым целе. А да апошняга дадаецца праставаты муж, і стан неабароненага чалавека, на якога звычайна не глядзяць так, як на статусную суддзю.
Маня, у сваю чаргу, у нешараговай сітуацыі адчуе не толькі перавагу спартыўнага цела сваёй «альтэр корпус», а будзе вымушана апрануць мантыю суддзі і пачаць вывучаць права, каб яе сяброўку па няшчасці не звольнілі з працы.
Маня адкрые для сябе плюсы свайго новага становішча і пачне мяняцца.
Цытата з кнігі
Раней, калі жыцьцё паварочвалася да яе чорным бокам, Маню заўжды цешыла адна думка: затое яна не ў Алешніках! Дзьве вуліцы і дзьве фэрмы — вось і ўсё жыцьцё; нават Ельск здаваўся ёй вялікім горадам; а ўжо Гомель! Маня глядзела замілавана, як заасфальтаваны тратуар пераходзіць у асфальтавую дарогу, і ні шчыліны паміж імі, ні ўзбочыны, ні лужыны! Можна выйсьці з дому і па асфальце прайсьці ў краму і нават боты не запэцкаць. А яна яшчэ й кватэру мае ў горадзе! Маня ўзгадвала, што яна гараджанка, і цешылася з гэтага неймаверна. А цяпер яшчэ адна рэч змусіла яе ўсьміхацца: ішлося ёй лёгка і хутка; доўгія ногі Альбіны рабілі вялікія крокі і несьлі цела без напругі. Мані ажно закарцела пабегчы, падскочыць, зрэзаць ударам аберуч баскетбольны мяч пад сетку — здавалася, спрыту стане на які заўгодна піруэт; але Маня дазволіла сабе хіба прайсьціся па броўцы — і зьдзівілася ўласнай лёгкасьці. Ці не ўпершыню яна задумалася, што ў спорце ёсьць нейкі сэнс; і пагрозы Альбіны змусіць яе да беганіны на стадыёне здаліся не такімі страшнымі.
Паступова — ад перамены адзення, месца жыхарства, асяроддзя пісьменніца правядзе сваіх гераіняў да перамены ўдзелу («перамены участи»), да Перамены Долі. Па сутнасці, найцікавейшы выклік твору Каляды — гэта адлюстраванне палітычнага праз прызму бытавога і фантастычнага. Усё проста, але не проста. Забаўна, ды не зусім. Неверагодна, але праўдзіва.
З якога месца, кропкі пачынаецца палітыка? З вялікіх палітычных пертурбацый? З сацыяльнага ўзаемадзеяння? Ці з асабістай прасторы? Спачатку камедыя інтрыгі, «Перамена месцаў» усё больш раскрываецца творам, які падымае сутнасныя пытанні. І найгалоўнейшае з іх — ці здолеюць удзельнікі беларускага грамадства, падзеленага і раз’яднанага, пры ўмове хаця б невялікага цуду зразумець адно аднаго? Дзеянне ў рамане адбываецца ў 2017 годзе, і гэта адзін кантэкст. Аднак у актуальных умовах 2020-х ці магчымае прымірэнне колаў? Складана не задумацца пра гэта пасля прачытання кнігі.
Цытата з кнігі
«І што, і ў чым тут пераўвасабленьне? — Альбіна зноў зрывалася ў адчай. — Я рыхтую з Мані лепшую вэрсію сябе — худнею, пераапранаю, выганяю дармаеда Толіка, навучаю новай прафэсіі — а мне, мне што? Што робіць Маня для мяне? Дзе ў мяне такая хіба, такая нястача, якую можа выправіць дзяўчо зь вёскі Алешнікі?» Альбіне нават здавалася, што Маня крок за крокам ейнае жыцьцё патроху, але псавала: шмат гатавала і шмат ела, спортам не займалася, а галоўнае — ці ня цалкам падмяніла яе на працы.
Кульмінацыяй твора стане судовы працэс — сапраўдны судовы трылер, развязка якога будзе трымаць у напружанні да апошняга.
Нечаканы «ўкол» па Барту гэтага рамана ў тым, што ён дорыць надзею, хоць усё магло б быць іначай. Усё і будзе іначай у 2020-м. Напэўна, было б варта, каб беларусы раней пачалі ездзіць містычным цягніком Гомель — Мінск.
Асаблівы шарм твора — гэта яго гомельская «прапіска». Шпацыры герояў па вуліцах, раёнах горада — Стары Аэрадром, Валатава, якія апісвае творца, лакацыі — усё гэта хочацца наведаць і разглядаць. Тэатральная кавярня, «Шакалядніца», у якой прадаюць хуткія абеды, рэстарацыя «Фасоля» з утульнымі канапамі і зоркамі-выцінанкамі на вокнах, Сож, парк — аўтарка дае зноў-такі магчымасць апынуцца ў чароўным беларускім горадзе і ўбачыць яго вачыма закаханага ў Гомель чалавека.
Цытата з кнігі
Жалезныя дзьверы груба разарвалі бясколерным сьвятлом густую цемру тамбура, настоеную на саладжавым паху чужога дома, і Альбіна, як у адкрыты космас, высьлізнула ў імжыстае паветра кастрычніка. Стары Аэрадром быў ёй добра знаёмы. Яна папраставала нацянькі да аўтобуснага прыпынку, прадчуваючы здалёк, як пакладзецца сьцежка паміж кустоў і плота і як раскрыецца аркай глухі, здавалася б, двор. Альбіна крочыла па набрынялай лістоце і ведала: яе нясе наперад інэрцыя ўласнай рашучасьці, і варта толькі ёй зьменшыць хуткасьць — яна ўвогуле спыніцца тут на няпэўны час, агаломшаная прасоўваньнем у іншым целе — і поўнай нязьменнасьцю гораду навокал. Вадкае сяйво, якое з гэтай фатальнай раніцы трусілася зь неба і ніяк не магло пратрусіцца, зь пільнасьцю мастака паглыбляла ўсе цені ў карціне Старога Аэрадрому, як быццам хацела падкрэсьліць, якія вострыя канты ў хрушчовак, якія розныя пліткі ў ходніку, якія графічныя дрэвы, абсечаныя да ствалоў. «Якая ж сіла патрэбная, каб гэта зрушыць?» — Альбіна абцерла нязвыклай пульхнай рукой імжу зь незнаёмага твару, і нарэшце ногі вынесьлі яе на вуліцу Савецкую, па якой процьма транспарту ішла проста да плошчы.
І аўтарка фіксуе і такі важны стан ва ўспрыманні месца: калі раптам гераіня пачне не пазнаваць свой родны горад. Бо ён адкрыецца з невядомага ёй раней боку, які і жыццё Іншых.
Ды напрыканцы. Дык што ж адбываецца з мовай у новым творы Каляды? — можа спытаць нехта. Вытанчаная, жывая і чалавечная, мова рамана захопіць вас з сабою. Яна завабіць гульнёй у жанр і абернецца пранізлівым суразмоўцам, які надоўга застанецца ў памяці.
Незвычайная сустрэча на скрыжаванні часоў.
Цытата з кнігі
Валік нечакана засьпеў сябе ля вакна, за абдзіраньнем лісьцікаў кратону. На дварэ была зіма, але якая! Апошнія дні сьнежня ссыпаліся ў вузкую адтуліну году, набліжаўся час перакуліць пясочны гадзіньнік — але ж які быў сьнежань! Ні маразоў, ні сьнегу. Аблокі як быццам накінулі на горад цяжкую ватную коўдру. Як быццам час спыніўся.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram