Скрын відэа
Суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў «экстрэмісцкім матэрыялам» фільм «Дарога на Курапаты», зняты ў 1990 годзе на студыі «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм». Фільм цяпер дэманструецца на youtube-канале «Сергей». У спіс «экстрэмісцкіх» з гэтага каналу трапілі яшчэ два відэа — «Беларускі супраціў за вольную дзяржаву!», «Лінія Сталіна».
Рэжысёрам фільма «Дарога на Курапаты» быў Міхаіл Жданоўскі, які пайшоў з жыцця 20 кастрычніка 2023 года.
Сцэнарый да карціны Міхаіл Жданоўскі пісаў разам з Аляксандрам Лукашуком. У стварэнні фільма прымаў удзел Зянон Пазняк. Аператар — Сяргей Пятроўскі.
Фільм атрымаў Дзяржаўную прэмію. На пачатку 1990-х яго дэманстравалі па ўсім Савецкім Саюзе.
«Дарога на Курапаты» з’яўляецца дакументальным сведчаннем злачынстваў бальшавісцкага рэжыму супраць людзей.
Таксама ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» уключылі Instagram-аккаўнт Януша Гаўрылюка — грамадзяніна Польшчы, выпускніка факультэта беларускай філалогіі Варшаўскага ўнівэрсітэта, заснавальніка і кіраўніка фестывалю беларускіх фільмаў «Бульбамуві».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram