«Складана падабраць належныя словы пра таго, хто сам ёсць Словам»: Наста Кудасава пра юбіляра Уладзіміра Някляева

Главное
Уладзімір Някляеў. Фота: фэйсбук Уладзіміра Някляева

Сёння выбітны паэт, празаік, грамадскі дзеяч, былы кандыдат у прэзідэнты краіны (2010) адзначае сваё 80-годдзе.

Паэт дагэтуль знаходзіцца ў творчым росквіце і на днях прэзентуе свае новыя кнігі: зборнікі апавяданняў «Святая крыніца» і драматычных паэм «Літвіны».

Для такой значнай асобы нашай культуры заўсёды не будзе ставаць звычайных, хоць і ўрачыстых словаў, таму з нагоды святочнай даты мы папрасілі паэтку Насту Кудасаву напісаць Уладзіміру Някляеву адмысловае эсэ-віншаванне.

«Складана падабраць належныя словы пра таго, хто сам ёсць Словам»: Наста Кудасава пра юбіляра Уладзіміра Някляева
Уладзімір Някляеў. Фота: LRT.lt

«Памятаю, як аднойчы на нейкім фестывалі прэзентацыю Уладзіміра Някляева паставілі ў праграме раннім ранкам у нядзелю, — згадвае Наста Кудасава. — І вось я бягу злая, нявыспаная, спазняюся, ледзь паспела паснедаць у гатэлі і думаю, ну хто ж прыдумаў у такія нязручныя гадзіны ставіць такія добрыя імпрэзы, будзе зараз прыкра, што ніхто не прыйшоў… Адчыняю дзверы – поўная заля слухачоў, для мяне няма нават вольнага месца… З тае пары я ўжо ніколі не дазваляла сабе маладушна падумаць, што на Някляева ніхто не прыйдзе, якая б гадзіна дня ці ночы ні была. Гэта на мяне і на іншых могуць не прыйсці, хоць бы ў прайм-тайм. Для сапраўднай жа паэзіі кожны час – адпаведны.

Таму калі ў мяне пытаюцца, як вярнуць паэзіі папулярнасць, я адказваю – а нічога вяртаць не трэба, вы схадзіце на выступ Някляева, толькі не спазніцеся, іначай не знойдзеце месца і будзеце слухаць стоячы, але і гэта вам будзе за шчасце. І вы пабачыце, што паэзія не перастала быць запатрабаванай, варта толькі яе ні з чым іншым не блытаць.

Уладзімір Някляеў для мяне ўяўляе рэдкі выпадак адпаведнасці таленту асобе. Што тут скажаш… Твор, як правіла, заўсёды лепшы і большы за свайго творцу. А ў жыцці нам часам даводзіцца рабіць зніжкі нашым кумірам, мірыцца з недасканаласцямі жывых людзей, дараваць ім не вельмі разумныя выказванні і ўчынкі. Дык вось пра Уладзіміра Някляева я так і не ўзгадала ніводнага выпадку, калі б мне было прыкра пачуць ад яго штосьці недарэчнае. Ён для мяне заўжды быў і ёсць увасабленнем адэкватнасці, акуратнасці, шляхетнасці ў адносінах да іншых людзей, увасабленнем мудрасці і чалавечнасці.

Сваю прэмію Наталлі Арсенневай Уладзімір Някляеў перадаў мне прама ў залі, сказаўшы, што калі б ён быў сябрам журы, ён даў бы гэтую прэмію Кудасавай. З таго часу я атрымала многа розных узнагарод, і нават уласную прэмію Арсенневай, але прэмія Някляева – мая любімая. Пакуль ён у мяне верыць, мне нічога не страшна, мне ёсць куды расці.

Не ведаю, ці можна быць сябрам паэту, бо паэт заўжды сам, адзін… Але наколькі дазволена, настолькі я шчаслівая, што мы з ім супалі ў гэтай эпосе і зрабіліся роднымі, спадарожнымі. Шчаслівая, што ён заўжды побач, заўжды мяне падтрымлівае, заўжды знаходзіць час патэлефанаваць і адведаць мяне, дзе б я ні была.

«Складана падабраць належныя словы пра таго, хто сам ёсць Словам»: Наста Кудасава пра юбіляра Уладзіміра Някляева
Уладзімір Някляеў. Фота: «Народная воля».

Насамрэч так складана падабраць належныя словы пра таго, хто сам ёсць Словам.

Вось жа! Яму сапраўды пасуюць словы з вялікай літары, і зусім не падаюцца старамоднымі. У гэты дурны час, калі ўсё здрабнела, пагатоў літары, так прыемна, што ў беларусаў ёсць чалавек, пра якога можна напісаць: Волат, Воля, Голас, Годнасць, Праўда, Радзіма, Мужнасць, Асоба!

Дзякуй вам, Уладзімір Пракопавіч, за ваш узор – пісаць і жыць з вялікай літары, дбайна расстаўляючы знакі прыпынку. У паэтаў няма ўзросту, яны па-над часам, таму 80 гадоў – умоўная дата, але як скажаце. То хай тады будзе 80, і 90, і 100… У добрым здароўі і з любоўю ў сэрцы!».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.