Падляшша – унікальны памежны рэгіён Польшчы, дзе сустракаюцца заходняя і ўсходняя хрысціянскія традыцыі, а беларуская мова і культура з’яўляюцца арганічнай часткай мясцовага ландшафту. Але ў выніку складанага гістарычнага кантэксту для некаторых пакаленняў уласная нацыянальная ідэнтычнасць стала адкрыццём, якое сфарміравала іх далейшы шлях.
У праекце мы распавядаем гісторыі знакавых беларусаў Падляшша і Беласточчыны, для якіх нацыянальная ідэнтычнасць стала вынікам свядомага выбару.
Гэтым разам мы выправіліся па героя ў вёску Біндзюга, дабрацца да якой наважацца хіба сапраўдныя адчайдухі. Размешчаная паміж Міхаловам і Наравам, за 18 кіламетраў ад Беларусі, яна вядомая тым, што ўжо некалькі гадоў там пануе самаабвешчаная Рэспубліка Біндзюга. Самаабвесціў яе ніхто іншы як Януш Гаўрылюк – руплівец беларускага кіно, сузаснавальнік фестываляў «Бульбамуві» ды Prekupalle, кіраўнік Belsat Doc, і па сумяшчальнасці Прэзідэнт той самай «РБ». Януш ужо больш за 30 гадоў шчыруе на ніве беларускай культуры, і дзякуй Богу, што не спыніўся.

Частка І. Біндзюга
Чым бліжэй мы пад’язджаем да вёскі, тым усё больш нас ахоплівае беларускі пейзаж – сваёй ціхай жнівеньскай прыгажосцю. На лугах пушыцца асот, красуе бэзавы іван-чай, стаяць «іржавыя» мяцёлкі шчаўя… Ды на гарызонце – палоска цёмнага лесу на тле светла-блакітнага неба. І рака – як жа без яе? І як прызнаецца наш герой – менавіта праз раку ён пятнаццаць гадоў таму і купіў у гэтых мясцінах хутар.
– Нараў – гэта мая рака з дзяцінства, – кажа ён, распавядаючы пра ваколіцы, пакуль мы пераадольваем апошнія кіламетры дарогі на машыне. – Яна таксама цячэ і ў Бельску-Падляшскім, адкуль я родам. І ў Беларусі яна ёсць. А там вось – гэта ўжо Пушча, – паказвае ён на лес.
Разглядаемся навокал.
– А вось там – на выспе – жывуць праваслаўныя манахі, – працягвае сваю экспрэс-экскурсію Януш. – Праваслаўны манастыр яшчэ з ХVI стагоддзя. І гэты скіт зараз дзейны. Бачыце храм?
Апошнія кіламетры дарогі пралятаюць хутка і мы ўязжаем у Біндзюгу – невялікую вёску з гісторыяй, (яна таксама ХVI веку), у якой і ладзіць незвычайны фэст Януш Гаўрылюк і кампанія.
У Біндзюзе зараз – каля пятнаццаці двароў, працуе вугальны завод («Кепска гэта, што і казаць!»), але ў вёсцы, што важна, жывуць беларусы, якія знаходзяцца цалкам у міры са сваёй тоеснасцю.


Выходзячы з машыны, нас па-беларуску прывітае паненка, ды і кіроўца Адам размаўляў з намі на беларускай мове.
– Калі я купляў гэты ўчастак, то былы гаспадар з прозвічшам Цар мяне доўга правяраў, – гісторыя пакупкі хутара ў Януша была цікавая. – Я прыехаў да яго на аўто з варшаўскімі нумарамі, і ён напачатку засумняваўся. Але калі Цар дазнаўся, што я беларус – то палагаднеў. Мы з ім разыходзіліся па палітычных поглядах, але ён прадаў мне хату, таму што я «свой», з беларусаў.
Участак Януша – маляўнічы, утульны, і сапраўды выходзіць на раку, якая літаральна ў пары крокаў. Ды выходзіць на поле з лесам і высокім небам.
– Нараў абмялеў, але купацца можна, як і абяцалі ўсім наведвальнікам фэсту Prekupalle, – рэкламуе навакольныя вабноты гаспадар. – Рэдка такое бывае, каб рака так блізка была. Францыя, лічы, – смяецца.

Частка II. Дом
Варта дадаць, што прастора Янушава хутара ўвачавідкі выглядае не так, як на фотаздымках. Гэта такі доўгі лапік зямлі, які сканчаецца невядома дзе. На ім ёсць невялічкі дом, драўляная забудова-бар, яблыневы сад, розныя прыбудовы, «рымская» і звычайная прыбіральні, ды таксама пачэснае, адмыслова адгароджанае месца, займае новы вінаграднiк. Мы прыязджаем за дзень фэсту, і на пляцоўцы Янушу дапамагаюць два валанцёры – экс-бубнач «Дзецюкоў» Саша з Вільні, які аднаўляе будучую сцэну, ды Лукаш з Чэнстахова.
– Сёлета мы дабудавалі дах над барам, – не хавае задавальнення Януш, – яшчэ хацеў бы сёння дарабіць паліцы, каб паставіць на іх віно, – дэманструе ён ладную канструкцыю з дрэва.
І распавядае пра сваё новае хобі – вiнаробства.
– Я сам не п’ю, але вось захапіўся гэтай справай, бо гасцей на фэсце трэба ж чымсьці частаваць. З чаго віно? З рысу, але дадаю таксама розныя садавіну, зёлкі, – здзіўляе нас Януш, і вядзе ў хату паказаць свае засекі.
Шкляныя бутэлькі з белым, ружовым віном выглядаюць вельмі каларытна. Напоі аформлены з гумарам: «Біндзюжнік» – красуецца налепка на пэўнай партыі з пазнакай году «2026». Таксама ёсць Red II Sniezhan (2025) і Sambukus Nigra (2026) год.


– Вось сюды дадаваў вішню, – раскрывае сакрэт ружовага Януш. – Сёлета нават пасадзіў на сваім участку вінаград, – паглядзім што там вырасце.
Гаспадар дэманструе нам прылады свайго хатняга «вінзаводу»: вялізныя бутэлі, у якіх даспявае віно, а таксама машынку, якая запячатвае тару.
«Януш, атрымоўваецца, што ты перакваліфікваўся ў самелье?» – жартуем мы.
– Штосьці такое, – адказвае.
Дамок у гаспадара невялікі, але там усё па справе: пакой Януша, маленькая кухня, штосьці кшалту кутка-вінарні, а на гарышчы – спальня для V.I.P.аў («Хоць падзі разбяры хто тыя «віпы»?). Аказалася, што у Біндзюзе наш герой жыве не ўвесь час. У Януша ёсць кватэра ў Варшаве. Але на пытанне, дзе ёсць яго дом, субяседнік задумваецца: «Дакладна не Варшава, але і не Бельск, адкуль я родам».
Пры гэтым многія рэчы Януш у Біндзюгу прывёз акурат з Бельску-Падляшскага.
– Мае продкі мелі дзве хаты ў горадзе. Адна – у цэнтры, а другая – крыху далей. Яны пераехалі ў Бельск у час Другой сусветнай вайны, і там у 1946-м годзе нарадзілася мая маці. Калі пабудавалі новы дом, то ўсё туды перанеслі, а на месцы старой хаты мой брат паставіў новую. Калі ішлі пярэбары, я забраў шмат старых рэчаў адтуль, і перавёз сюды. А нешта нават адкапаў.

Гаспадар паказвае на шафу ды на іншыя прадметы інтэр’еру.
Звяртаем увагу на фотаздымкі на сцяне.
– А гэта мой бацька Сцёпа, – расказвае Януш. – Ён быў настаўнікам у вёсцы на Падляшшы. Гісторыю вучыў, але пра яго людзі казалі: «земляроб». Бо прыязджаў з поля, чытаў дзецям лекцыю па гісторыі, і зноў павяртаўся. Прагу зямлі вялікую меў. Як і ўсе сваякі. Усё жыццё казаў: зямля, зямля, зямля…
«Амаль па Коласу», – узгадваем беларускага класіка.
– А гэта мой прадзед Якуб, – паказвае на іншага мужчыну на фотаздымку. – Ён прыехаў сюды ў 1920-я, ваяваў і памёр. І я, шчыра кажучы, да гэта пары не ведаю, на якім ён быў баку: ці з бальшавікамі, ці на баку польскага войска, – паціскае плячыма Януш.
Раптам наш герой успамінае, што ў яго захавалася гасцявая кніга візітаў у Біндзюгу. Пачынаем гартаць старонкі: бачым запіс ад Максіма Жбанкова, Андрэя Кудзіненкі, Леаніда Каліцені – беларускіх культурных дзеячаў, і раптам знаходзім рукапіс… ад мамы.
«Шаснаццатага дня [… года] мусіла адведаць Януша ў Біндзюзе. Мела магчымасць пабачыць спадарства зноў. Трэба прызнаць, што я пад вялікім уражаннем, і штораз мне больш пачынае падабацца», – чытае Януш водгук мамы і мы смяемся.

Частка III. Prekupalle
Ідэя зрабіць фестываль на сваёй зямлі нашаму герою прыйшла амаль адразу пасля набыцця хаты. І варта дадаць, што да яе развіцця спрычыніліся даўнія сябры Януша, якія дапамагалі яму і на іншых праектах. Гаворка пра абаяльных дзівакоў Пятро Дудановіча і пана Кшыштафа (Цыпу).
Культурніцкі менеджар Пятро ўжо колькі год з’яўляецца тварам фестывалю беларускіх фільмаў «Бульбамуві» («Шмат людзей да гэтай пары думае, што «Бульбамуві» робіць Пятро»). Таксама ў паплечніках рупліўца і падляшскі перформер Кшыштаф па мянушцы «Цыпа» – паважаны чалавек і гукарэжысёр на Радыё «Рацыя».
– Гэты быў 2019 год, – «раскрывае карты» Януш. – І Цыпа тады вельмі расстроіўся, што «Басовішча» не будзе. «Давай зробім працяг», – кажа. – А Фэст «Тутака» тады яшчэ не з’явіўся, ён паўстаў у 2021 годзе. І вось мы сустрэліся ўтрох разам з Пятро і прыдумалі «Прэкупалле». Цыпа хацеў, каб гэта быў працяг «Басовішча», а Пятро, каб такі андэграўнд. Атрымалася такая сумесь.
«Прэкупалле» ўключае ў сябе музычны складнік, а таксама і іншыя актыўнасці – «кіно, ежа». Але цікавае ў гэтай ініцыятыве іншае – тое, што арганізатары наўмысна разбурылі іерархічны падзел на «оргаў» і гледачоў. Згодна з кодэксам фэсту, госці з’яўляюцца і непасрэднымі суствальнікамі праграмы, кожны тут – роўны і дапамагае, клапоціцца адзін пра аднога. На «Прэкупаллі» няма крутой інфраструктуры, але ёсць давер, свабода і прыняцце.
– У нас і хэдлайнераў няма, – падкрэслівае Януш. – Усе музыканты аднолькава каштоўныя.
Тут побач могуць танчыць панкі, журналісты і мясцовыя жыхары. Уласна, гэтую ідэю стваральнікі фэсту «дакруцілі» да Рэспублікі Біндзюгі – прасторы вольных людзей і «найгоршага фестывалю на свеце».
На конт ідэі пра Рэспубліку Біндзюга, самаабвешчаны Прэзідэнт прызнаецца, што на падобную зацею яго натхніў прыклад Рэспублікі Ужупіс – слыннага раёна мастацтваў у Вільні, літоўскага Манмартра, які мае нават сваю Канстытуцыю.
– Мне гэта спадабалася. Да таго ж я падумаў, што гэта файна – нейкую філасофію дадаць да фэсту. Пасля ўжо кожны можна далучыць нешта сваё – і ў гэтым няма нічога дрэннага, – лічыць Януш.
За гэтыя шэсць гадоў у Біндзюзе выступіла нямала беларускіх музыкаў: Krwadziki, Naka, Сяргей Пукст, Фёдар Жывалеўскі, «Кашлаты Вох», Wandraunik, Тадзё Шчупака (Tadzio Szczupak), BUTAFORIA, Berek, RaState ды іншыя – вядомы і малавядомыя – выканаўцы.
Януш прызнаўся, што сёлета ў яго не было часу займацца праграмай. Усё рабіў Пятро, з якім, дарэчы, яны пазнаёміліся яшчэ падчас вучобы на факультэце беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце.


Пятро, які пад’ехаў праз пару гадзінаў, падзяліўся, што планаваў на сёлетняй эдыцыі звесці ў адным канцэрце варшаўскі беларускі панк-гурт «Сербскі нож» і падляшскі «Сербскі кот».
– Але не атрымалася, на жаль, – уздыхае ён.
«А чаму вы прыдумалі такую назву Prekupalle?», – задаем набалелае пытанне пра загадкавую назву. – Зараз жа жнівень. Купалле ўжо ж было.
– Так на наступны год будзе, – адказвае самая дзівацкая фэст-каманда ў свеце.


Частка IV. Гісторыя Януша
– А тут раней пляц быў, пясок, памятую, як чувак, як у Амерыцы, седзячы на кані, вёў статак кароў на поле, – Януш ладзіць нам невялікую экскурсію па ваколіцах.
Мы ідзем праз высокую траву на масток праз раку. У паветры моцна пахне зёлкамі. На лузе стракочуць конікі. Сонца хіліцца да лесу. Гледзячы на гэтую прыгажосць, падаецца, што лепшага краю і не бывае.
– Але я ўцякаў з гэтага Падляшша, са свайго Бельску, – прызнаецца Януш, ступаючы на масток. – Бо мне падавалася гэта такой дзюркай, – смяецца ён. – У свае дзевятнаццаць гадоў я думаў, што гэта проста канец свету. Нічога не разумеў.
Януш распавядае, што маці прасіла яго ў малалецтве, каб я не распавядаў нікому, што праваслаўны. Палякі нават і ў Польскай Народнай Рэспубліцы лічылі, што ўсё, што з-за ўсходняй мяжы – дрэнна. («Куды едзеш? «Да рускіх еду». Значыць, у Савецкі Саюз, – так гаварылі»).

Нягледзячы на тое, што ў Бельску-Падляшскім быў Беларускі ліцэй, Януш у яго не трапіў. Маці адгаварыла. Яшчэ прыйдзецца дадатковы прадмет вучыць – беларускую мову. Маўляў, навошта?
– Людзі баяліся, – тлумачыць ён яе паводзіны і іншых. – Пасля Другой сусветнай па Падляшшы хадзілі банды, якія забівалі праваслаўных, беларусаў. Такі быў бандыт Рамуальд Райс пра мянушцы Буры. Ён у 1946-м хадзіў з рэйдамі па вёсках. Акурат у студзені 1946-га завітаў і ў Вульку-Выганоўскую, дзе нарадзіўся мой бацька. Забіў у вёсцы трох чалавек. І так выйшла, што мой бацька жывы застаўся. А магло б быць інакш.
Свае малалецтва наш субяседнік апісвае так: дыскатэка, кікбоксінг, двіж на раёне. І ніякага дачынення да Беларушчыны. У параўнанні з Гайнаўкай, дзе вырасла наша папярэдняя гераіня, Ілона Карпюк, Бельск-Падляшскі са слоў Януша быў горадам з зусім іншым вайбам.
– Тачкі, дыскатэкі, піва. Памятую, такое ёсць графіці ў горадзе: «Бельск – гэта горад бізнесу і сексу». І гэта праўда! – смяецца ён. – Пра Беларускі ліцэй, памятую, у часы майго юнацтва ў Бельску казалі «Беларусы». Дзе яна вучыцца? У «Беларусах». І яшчэ лічылася, што там найпрыгажэйшыя дзяўчыны.
«Нечаканая перавага, праўда?» – жартуем.
Стоячы на мосце над ракой, чуем за спінай плёскат вады. Не паспяваем убачыць хто скокнуў – па паверхні толькі разыходзяцца колы. Я выходжу на поле і зрываю лісток шчаўя.

Пасля заканчэння школы Януш-такі уцёк з роднага горада ў мястэчка пад Варшавай, дзе паступіў у цыркавое вучылішча. Вучыўся хадзіць на хадулях, жангляваць. І пасля нядрэнна меў з гэтых уменняў – здымаўся ў рэкламе, выступаў на вуліцы. А потым у Варшаве сустрэўся са знаёмай дзяўчынай, якая акурат скончыла ў свой час Беларускі ліцэй і збіралася паступаць на беларускую філалогію ў Варшаўскі ўніверсітэт. Каб быць разам, яна прапанавала Янушу далучыцца.
– Ну, я і пайшоў, – прызнаецца руплівец. – Там для паступлення патрабавалася толькі сумоўе. І паступіў, – усміхаецца.
І вось ужо ва ўніверсітэце ў Януша з’яўвіўся той асяродак, які паспрыяў яго знаёмству з беларускім светам: гісторыяй, мовай, літаратурай.
Ды ўсё ж сваім сапраўдным «хрэсным бацькам» у беларускім пытанні Януш называе Сакрата Яновіча – польскага беларускага пісьменніка, чальца Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа». Маці Януша, якая ў той час працавала на пошце, пасля паступленне сына на «філфак», пачала прыносіць яму дзвюхмоўнае польскае-беларускае выданне Czasopis.
– І там у кожны выпуску выходзілі фельетоны Сакрата Яновіча «Быць сабой», – дзеліцца Януш. – Я гэта прачытаў – у мяне адкрыліся вочы. Як тут беларусы жылі, жывуць, як гісторыя выглядала. І ўсё стала вельмі проста. Я – чалавек памежжа: як Анджэй Пачобут у Беларусі, так я – тут.

Падчас вучобы ва ўніверсітэце Януш разам з ужо вядомым Пятром Дудановічам ездзіў у Беларусь. Шукалі сапраўдную беларускую культуру – у Полацк, пазнаёміліся там з рыцарскім клубам «Жалезны воўк». Асяродак у Варшаве, як не парадаксальна, дапамог Януш прызнаць сваю беларускую тоеснасць.
Пасля «філфаку» будучы Прэзідэнт Рэспублікі Біндзюга працягнуў адукацыю на факультэце журналістыкі – на «лабараторыі рэпартажу», дзе выкладалі мэтры жанру. Пасля заканчэння гэтых студыяў, Януш пачаў шукаць працу, якая была звязаная з Беларуссю. Уладкаваўся на стажыроўку на Польскае Радыё, у беларускую рэдакцыю. Папрасіўся ў камандзіроўку ў Мінск, узяць інтэрв’ю ў аўтара нашумелай у той час кінастужкі «Акупацыі. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі.
На той момант Януш быў ужо цалкам у «тэме» кіно.
Свой першы сцэнар творца, увогуле, напісаў яшчэ ў школе – хацелі з хлопцамі здымаць баявік у духу фільмаў з Брус Лі. («Такое падляшскае кунг-фу пра мсціўца з Хачкаў – вёска ў нас такая ёсць ля Бельска. Але камеры не было»).
І сваю першую камеру, што цікава, наш герой купіў праз пару гадоў на ганарар з рэкламы халадзільнікаў. Ён быў запрошаны як цыркавы артыст і ў роліку мусіў быў хадзіць на хадулях і жангляваць бутэлькамі шампанскага. Тыя здымкі так і не адбыліся, але грошы Янушу заплацілі.
– І я набыў сваю першую VHS-ку, – згадвае ён.

Першай карцінай кінематаграфіста стала сюррэалістычная кароткаметражка «Пачка» – пра хлопца, які кідаў паліць. Карціна ў абсурдзісцкім жанры трапіла на фестываль польскага незалежнага кіно «Заўтрашні фільм», дзе яе раскрытыкавалі сябры журы. («Чаму вы не здымаеце тое, што побач, а прыдумваеце нейкі абсурд?»). Януш прыслухаўся да парадаў, і пайшоў здымаць «у народ» – да сваіх «хлапцоў на раёне» ў Бельск-Падляшскім. У выніку з’явілася дакументалка «Бойкі» («Пацаны») пра маладых абібокаў, што бавяць свой час ля шматпавярховікаў. Гэта кіно зараз мае ў Польшчы статус культавага – на сёння ў яго больш за 900 тысяч праглядаў на YouTube.
– І ў Беларусі я шукаў нешта такое – несавецкае, не сумнае, бунтарскае, і калі натрапіў на «Акупацыі. Містэрыі» падумаў: «О, вось гэта някепска».
Знаёмства з рэжысёрам гэтай карціны Андрэем Кудзіненкам у выніку вылілася ў нараджэнне фестывалю беларускіх фільмаў Bulbamovie. Праўда, ад ідэі да рэалізацыі задумы прайшло некалькі гадоў.
Частка V. «Бульбамуві» і «Белсат»
– Памятую, як мы тады марылі з Андрэем, што праз дзесяць-пятнаццаць гадоў будзем здымаць нармальнае кіно на «Беларусьфільме», што Максім Жбанкоў будзе міністрам культуры… Цяпер смяяцца хочацца з гэтага, – Януш сядзіць за стойкай бара, мы пачаставалі яго віно (і ён вельмі прыемнае і смачнае) і расказвае пра сваё жыццё.
На сёння ўжо Андрэй Кудзіненка, які трымаўся да апошняга ў Беларусі, укладваючыся ў прыватную школу «Кінакалайдар», быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. Абгаворваем і гэта, што столькі беларускіх кінематаграфістаў апынуліся ў вымушанай эміграцыі з-за дыктатуры ў Беларусі.
Але першая эдыцыя «Бульбамуві», якую Гаўрылюк і кампанія правялі ў Варшаве ў 2011 годзе, была феерычнай. Сто бутэлек «Крамбамбулі», лепшыя беларускія фільмы за дзесяць год, і польская публіка, якая з вялікай цікавасцю прыйшла паглядзець кіно суседзяў. Але потым каманда фэсту задумалася: а што паказваць налета? Дзе ўзяць новае беларускае? І так на фэсце з’явіўся конкурс маладога кіно.


– Быў такі час, калі на «Бульбамуві» з Мінска ў Варшаву ездзіў аўтобус з беларускімі кінематаграфістамі, і я маю спадзеў, што гэта паспрыяла развіццю кінакам’юніці, – Януш разважае над феноменам свайго фэсту. – І ў далейшым на дзяржаўным фестывалі «Лістапад» паўстаў Нацыянальны конкурс – не без нашага ўплыву. Але, ведаеш, праз столькі год хацелася б, мо, і большага плёну…
«Бульбамуві» ў выніку ладзіўся дзесяць разоў. Фэст знікаў на пэўны час, каб зноў адрадзіцца ў 2021-м. Януш гіпатэзуе, што калі б не рэвалюцыя 2020 года, магчыма адбыўся бы рэнесанс беларускага кіно, бо ў той час назіраліся працэсы, калі дзяржава «павярнулася», нарэшце, у бок нацыянальнага і сучаснага кіно: быў створаны фільм «Купала» пра Янку Купалу, разглядаўся запуск ігравой карціны па творы Віктара Марціновіча.
– Але і рэвалюцыя таксама дала свой плён, – ацэньвае ён. – Я наракаў у свой час на фільмы маладых рэжысёраў, якія прыходзілі на конкурс «Бульбамуві». Маўляў, прыгожыя, але пра нішто. Героі ў гэтых стужках нават баяцца «бл..ць» сказаць. Дзякуючы 2020 году, сітуацыя значна палепшылася. Нават ужо і зашмат гэтага «бл..ць», у кожнай другой стужцы, – смяецца наш субяседнік.
З 2006 году наш герой таксама супрацоўнічаў з публіцыстычнай праграмай «Беларусь, Беларусь» Агнешкі Рамашэўскай – у той час адначасова ішла падрыхтоўка да стварэння новага беларускамоўнага канал на польскім тэлебачанні TVP – «Белсат». Януш быў уключаны ў каардынацыю тэлежурналісцкіх майстэрняў для беларусаў («Адказваў за падрыхтоўку курсаў і курсантаў»). Потым ездзіў з тэлеаператарамі па Беларусі – навучалі людзей здымаць на месцы, у тых умовах, што ёсць. Трапіўшы ў праграмны аддзел, рабіў перадачы, стаў рэдактарам, а потым пачаў адказваць за дакументальнае кіно на «Белсаце».

– Ларыса Шчыракова, Ірына Слаўнікава, Сяргей Падсасонны, Аліна Коўшык і шмат іншых вядомых журналістаў перад стартам «Белсату» былі на нашых курсах, – згадвае Януш.
Што да «Белсат Док», якая падтрымлівае дакументальнае кіно, то руплівец заўважае, што гэта пляцоўка давала магчымасць рабіць фільмы і незалежным кінарэжысёрам, і творцам з «Беларусьфільма».
– Амаль усе вядомыя беларускія дакументалісты здымалі на «Белсат Док»: Андрэй Куціла, Юрый Хашчавацкі, Леанід Міндлін, Максім Швед, і іншыя аўтары, якія таксама стваралі і на «Беларусьфільме». Лічу, што ў беларускай дакументалістыкі заўсёды быў патэнцыял, а вось умоваў – не так шмат. І я хацеў іх даць.
Дзякуючы высілкам Януша і каманды канала, сёння на «Белсат Док» прадстаўлены больш за дзве сотні фільмаў пра Беларусь. Гэта дакументальнае кіно і рэпартажы пра палітыку, культуру і гісторыю беларускага краю без цэнзуры.
Частка VІ. Вяртанне
Сёння наш герой, узяўшы паўзу ў правядзенні кінафестываля, засяродзіўся на ўласным кінапраекце.
– Не бачу ў тым, што летась фэст не ладзіўся, нічога страшнага. У яго такая спецыфіка, «партызанская», – знікаць, а потым зноў вяртацца.
Зараз Януш моцна ўключаны ў працу над сваім кіно – дакументальным фільмам пад Падляшша. Карціна распавядае пра двух герояў – Ясюка з Гайнаўкі, і Лаўрэна з Бруселя: яны жывуць на гэтай зямлі, і іх гісторыі перакрыжоўваюцца праз аднаго сабаку. Стужка называецца «Апошні сабака».
– У пэўным сэнсе гэта кіно пра мяне толькі праз двух герояў, – прызнаецца Януш.
Ён бачыць сябе маладога ў шалёным музыкі Ясюку і знаходзіць шмат супольнага цяпер з Лаўрэнам, які пераехаў з Бельгіі на Падляшша – кінуў працу архітэктара, купіў тут хату і піша кнігу. У стужцы з’яўляюцца і беларускія музыкі, там будзе і шмат назіранняў за падляшукамі – Януш з вялікім энтузіязмам распавядае пра свой праект.
– Там будзе такая сцэна, калі героі едуць да дуба «Дуніна», а там імпрэза, і на ёй балюе мясцовая публіка. Вось адразу бачна, што гэта адметны край, што гэта беларусы Падляшша. Там такія твары!

– А ўвогуле Падляшша – гэта такія Балканы толькі без крыві, – развівае сваю думку руплівец. – Тут жывуць свядомыя беларусы, грамадзяне Польшчы, якія тут нарадзіліся, чые бацькі і дзяды векавалі – гэта адна група.
Другая група – праваслаўныя палякі.
Трэцяя – этнічныя палякі.
Потым – тутэйшыя, проста тутэйшыя, якія не могуць вызначыцца, ці яны бліжэй да ўкраінцаў ці беларусаў.
І яшчэ адна група – гэта «рускамірцы», і такія ёсць. Але я ўпэўнены, што калі б Беларусь у эканамічным плане была б такой, каб Германія, і мела б дэмакратычныя свабоды, то кожны другі тут прызнаў бы сябе беларусам, – усміхаецца Януш.
Падымаючы тэму антыўкраінскай хвалі ў Польшчы, наш візаві не верыць у падобныя настроі ў палякаў.
– Чатыры гады жыхары Польшчы дапамагалі ўкраінцам усім, чым можна, – немагчыма, каб раптам усё перакулілася. Я ўпэўнены, што гэты рух справакаваны расейскай прапагандай.
Дакументальны фільм Януша ўжо падтрымалі на Кракаўскім фестывалі, а літаральна на тыдні ён займеў падтрымку Польскага кінаінстытута.
Частка VІІ. Выбар быць дома
Пакуль мы размаўлялі з гаспадаром, наступіў вечар, прыехалі новыя госці на фестываль «Прэкупалле». Людзі пачалі расстаўляць намёты і распальваць вогнішча.
На небе загарэліся зоркі, паветра празрыстае і ажно звініць. Зоркі – дрыжаць.
Януш клапоціцца па гаспадарцы, і частуе людзей віном ды кавай.
– Атрымліваецца, што як мой герой Лаўрэн знайшоў на Падляшшы свой вырай, так і я сюды вярнуўся, – прызнаецца Януш.
– Мяркую, што каб не выехаў, то застаўся бы такім, як мой брат. Ён – стопрацэнтны паляк, а я вось – беларус. I жыву тут.


***
Замест P. S. На шосты фестываль беларускай музыкі «Прэкупалле» прыехала дзвесце чалавек.
