«Чакаем цудаў, бо мы з вамі іх вартыя»: Купалаўцы анансуюць новы праект у новым годзе і віншуюць усіх з Калядамі

Главное
Фота: сацсеткі Купалаўцаў.

Купалаўцы анансавалі новы праект у наступным годзе, а таксама падтрымалі беларусаў цёплым віншаваннем з Калядамі.

«З Калядамі і надыходам Новага году, каханенькія-родненькія! Мы тут — побач з вамі і дагэтуль разам. Верце ў цуды — і яны здзейсняцца! Мы ўжо зведалі сілу сапраўднай магіі — ваша любоў няспынна натхняе нас, утрымлівае наш сусвет і дазваляе звацца Купалаўцамі», — звярнуліся да гледачоў акторы і акторкі незалежнай тэатральнай групы.

«Мы з вамі прайшлі поруч вялікі шлях, які меўся быць не самым звыклым. Няхай Купалаўская сям’я і надалей будзе лепшым прыкладам яднання беларусаў па ўсім свеце. Мы— больш, чым можна цяпер расказаць словамі. Аднойчы ўсе зоркі непазбежна выйдуць з-за хмар і асветляць дарогу. Чакаем цудаў, бо мы з вамі іх вартыя», — цёплымі словамі падтрымалі беларусаў каханенькія-родненькія артысты.

У распрацоўцы Купалаўцаў сёння знаходзяцца дзесяць праектаў. Больш падрабязная інфармацыя мусіць з’явіцца неўзабаве, але артысты раяяць прыхільнікам назапашваць сілы для тэатральнага падарунка.

За мінулыя гады незалежная тэатральная група прайшла неверагодны шлях: ад калектыўнага сыходу з Купалаўскага ў 2020 годзе, калі артысты выступілі супраць гвалту і сфальсікаваных выбараў — да вольнага тэатру, які, адказваючы на выклікі эміграцыі, перастварыў сабе наноў.

Тэатразнаўца Ірына Лаппо так апісала творчы шлях беларускіх артыстаў:

— [Шлях да ўнутранай вольнасці] добра відаць на прыкладзе «Купалаўцаў». Калі яны толькі сышлі з дзяржаўнага тэатра, то пачалі сваю працу ад вельмі выразнага выказвання – ад спектакля «Тутэйшыя». А пасля амаль год займаліся рэканструкцыяй, узнаўленнем свайго рэпертуару, які быў у тэатры імя Янкі Купалы: «Радыё Прудок», «Паўлінка», «Я» (былы «Першы») і гэтак далей. Запісвалі спектаклі і выкладалі іх для сваіх гледачоў на YouTube-канале.

Калі частка «Купалаўцаў» з’ехала ў Польшчу, наступны крок, які яны зрабілі, быў кніксен у бок польскай культуры. Беларускі тэатр высылаў гаспадарам мэсідж: «Мы з вамі адной крыві…». Маем супольнага «вешча» Міцкевіча, а таму «Рамантычнасць» і «Дзяды». Маем падобную гісторыю і таго самага ворага, а таму «Запіскі афіцэра Чырвонай арміі». Гэтыя выказванні былі важнымі для нас, але не вельмі цікавымі для палякаў. Імі гэта ўспрымалася як экзотыка, маўляў, беларусы ўзяліся за нашыя тэмы. Гэтыя спектаклі не змаглі стаць падзеяй у польскім мастацтве.

«Чакаем цудаў, бо мы з вамі іх вартыя»: Купалаўцы анансуюць новы праект у новым годзе і віншуюць усіх з Калядамі
Сцэна са спектакля «Moj Hleb» Зоі Белахвосцік.

«Купалаўцы» даволі хутка адышлі ад гэтай стратэгіі, тым больш, што на пачатку 2022 года пасля звальнення з РТБД прыехаў рэжысёр Аляксандр Гарцуеў з вельмі выразнай пазіцыяй «толькі сваё». І тады яны пачынаюць рабіць нешта небывалае — выказванне-перасцярогу, спектаклі пра вечнае, пра тое, што беларусы маюць сказаць гэтаму свету.

Гэта быў выдатны перыяд у іх творчасці, ідэалагічна ён трапляў у патрэбы і беларусаў, і палякаў. Спектаклі распавядалі пра важныя для ўсіх рэчы. Напрыклад, «Гусі-людзі-лебедзі» [паводле твора Альгерда Бахарэвіча].Такі спектакль-перасцярога. Гэта быў тэатр, які хацеў гаварыць пра вельмі актуальныя рэчы. Напрыклад, пра вайну і пра прыроду ўлады ў «Плошчы Перамогі». Аднак гаварыць у форме прыпавесці, не ўваходзячы ў прамое палітычнае выказванне.[…]

У 2024 годзе «Купалаўцы» дайшлі да адкрытага палітычнага выказвання: гэта «Зэкамерон» па турэмных запісках Максіма Знака, і «Экстрэмісты» па дэбютнай п’есе знанай паэткі Юліі Цімафеевай. Гэта важны этап у развіцці групы: даспяванне да ўнутранай вольнасці, да ўнутранага дазволу на такі тэатр. Бо «Купалаўцы» заўсёды дбалі найперш пра мастацтва. А аказваецца, што такое найпроставае палітычнае выказванне — яно таксама пра мастацтва. І дакументальны тэатр — не палітінфармацыя. І яны справіліся з гэтым матэрыялам на выдатна. І заплацілі сваю цану […]».

«Чакаем цудаў, бо мы з вамі іх вартыя»: Купалаўцы анансуюць новы праект у новым годзе і віншуюць усіх з Калядамі
Сцэна са спектакля «Зэкамерон» «Купалаўцаў» паводле Максіма Знака. Рэжысёр Войцех Урбаньскі. Фота: facebook.com/kupalaucy

Тое, што ў 2024 годзе «Купалаўцы» атрымалі «ганаровы тытул» «экстрэмістаў», безумоўна, трапіць у гісторыю беларускага тэатра. Гэты статус, прысвоены рэжымам, накіраваны на дыскрэдытацыю і ізаляцыю тэатра, які стаў сімвалам беларускай культуры і супраціву. Але за што сапраўды «Купалаўцы» заслужылі такую ўвагу?

За беларускую мову, бо «Купалаўцы» заўсёды стаялі на варце беларускай мовы і культурнай традыцыі. Іх спектаклі — гэта не проста пастаноўкі, а важныя культурныя маніфесты.

За адважны палітычны тэатр, бо іх праца з сучасным літаратурным матэрыялам — з тэкстамі Альгерда Бахарэвіча, Віктара Марціновіча, Сяргея Кавалёва, Максіма Знака, Юліі Цімафеевай — гэта спроба сказаць праўду пра «тут і цяпер». «Купалаўцы» не баяцца кранаць вострыя тэмы, адлюстроўваць падзеі, якія хвалююць грамадства. Яны стварылі сцэну, дзе беларусы могуць убачыць сябе, свае перажыванні і надзеі.

За тое, што стаяць са сваім народам. Калі народ сутыкнуўся з рэпрэсіямі, «Купалаўцы» не змаглі маўчаць. Іх рашэнне пакінуць дзяржаўны тэатр у 2020 годзе стала адной з ключавых кропак беларускага супраціву. Цяпер яны працуюць там, куды пераехала актыўная частка гледачоў, — у эміграцыі, даносячы праўду пра Беларусь і падтрымліваючы нацыянальны дух.

У выніку іх называюць «экстрэмістамі» не за дзейнасць, а за адданасць: мове, тэатру і людзям».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: