Беларуская мастачка і дызайнерка Таша Кацуба дасягнула поспеху на фестывалі моды Łódź Young Fashion 2025 — яе кароткаметражны фільм «0.KATSUBA» атрымаў Спецыяльную адзнаку ад журы 5-га Міжнароднага конкурсу Fashion Film Festival.
Вынікі былі абвешчаны Акадэміяй мастацтваў у Лодзі (ASP Łódź), адным з арганізатараў фестывалю.
Міжнародны конкурс Fashion Film Festival (FFF) з’яўляецца часткай буйной падзеі Łódź Young Fashion. Гэта платформа, арыентаваная на маладых творцаў, якія імкнуцца інтэграваць дызайн адзення, кінематограф і мультымедыя, прапаноўваючы новыя формы наратыву ў моднай індустрыі.
Спецыяльную адзнаку фільм Ташы Кацубы атрымаў за глыбокую канцэптуальнасць і неардынарны падыход. Фільм з’яўляецца аўтапартрэтам, складзеным са строяў, якія адлюстроўваюць апошнія пяць гадоў жыцця дызайнеркі.
«Праз адзенне і рух я спрабую выказаць свой асабісты досвед міграцыі, вайны і адраджэння. Гэты фільм — мой сумленны дыялог з сабой — пра дом, цела і свабоду», — тлумачыць аўтарка.
Ідэя стужкі, касцюмы, рэжысура і мантаж — належаць дызайнерцы. Але аператарам на карціне працаваў вядомы беларускі дакументаліст Максім Швед. Музыка — Mobygratis.
Нагадаем, што проста зараз у беластоцкай Галерэі імя Сленьдзіньскіх працуе выстава беларускай мастачкі «0/KATSUBA» (куратар — Сяргей Шабохін), у якой прадстаўлены своеасаблівы архіў вобразаў творцы — строі, паказаныя ў фільме.
Таша (Наталля) Кацуба — мастачка і дызайнерка з Палесся. З 2020 года яна стварала «мяккую зброю» як мастацкі каментар на падзеі ў Беларусі. У 2021 годзе творца пераехала ва Украіну, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны — у Польшчу. Цяпер яна вучыцца ў магістратуры ў Акадэміі мастацтваў у Лодзі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram