Беларускі ПЭН апублікаваў хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за першую палову траўня

Культура
Экспанаты выставы Магдалены Абакановіч. Фота: Reform.by.

Праваабарончая арганізацыя «Беларускі ПЭН» апублікавала чарговы вынік дакументавання парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за першую палову траўня.

На 15 траўня 2023 года: дзеячаў культуры ў няволі – 130.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

Лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронцу і літаратара Алеся Бяляцкага этапавалі з СІЗА № 1 у Мінску ў папраўчую калонію № 9 у Горках. 3 сакавіка 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска яму прысудзілі 10 гадоў калоніі за дзейнасць у абароне правоў чалавека і за дапамогу рэпрэсаваным.

У судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся суд над адміністратарам тэлеграм-канала «Па-беларуску» Андрэем Філіпчыкам. Яго вінавацяць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

На 3 гады калоніі агульнага рэжыму асуджаны экс-кіраўнік творчага аб’яднання «Пагоня», мастак Генадзь Драздоў. Ён абвінавачваўся паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), ч. 1 арт. 361.4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») Крымінальнага кодэкса.

Арыштавана на падставе палітычна матываванай крымінальнай справы Наталля Жлоба, выкладчыца Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Вынесены прысуд заснавальніку крамы Symbal.bу, культурніцкаму менеджару Паўлу Белавусу – 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пачаўся суд над журналістам, гісторыкам і краязнаўцам, папулярызатарам беларускай гісторыі Яўгенам Меркісам.

15 траўня ў судзе Першамайскага раёна Віцебска пачаўся працэс паводле палітычна матываванай крымінальнай справы арт-менеджара і музыкі Уладзіміра Булаўскага, якога абвінавачваюць на падставе арт. 342.2 Крымінальнага кодэкса («Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»).

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

У Гродне затрымалі вакаліста кавер-бэнда «Fair Play» Аляксандра Гайваронскага. Ён выступаў у адзенні белага і чырвонага колераў з Пагоняй. У музыкі знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. Пры яго затрыманні на працоўным месцы выкарысталі сілу. Аляксандр Гайваронскі вядомы як Саша Ленан.

На працоўным месцы затрымалі рэдактара гомельскага радыё, паэта і празаіка Сяргея Краснабарода. Суд Цэнтральнага раёна Гомеля асудзіў Сяргея Краснабарода за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

За «распаўсюд і захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у Instagram» затрыманы акцёр тэатра і кіно, арганізатар культурніцкіх імпрэз Аляксандр Енджэеўскі.

Суд Верхнядзвінскага раёна вынес рашэнне аб арышце Валянціны Болбат, арганізатаркі культурніцкіх і асветніцкіх імпрэз. Валянціна Болбат была асуджана на 30 сутак і адразу трапіла ў шпіталь. Гэта ўжо пяты суд над ёй.

III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

8 траўня супрацоўнікі міліцыі затрымалі хлопца за татуіроўкі з Пагоняй і гербам Украіны.

Відэа з ім з’явілася ў праўладным тэлеграм-канале. Затрыманы кажа, што набіў Пагоню ў 2021 годзе «ў знак пратэснай дзейнасці», а Трызуб – у 2022 годзе, каб падтрымаць Украіну.

IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

5 траўня ў Віцебску ў калоніі № 3 памёр блогер з Пінска Мікалай Клімовіч (псеўданім – Мікалай Верасень). 28 лютага 2023 года яго асудзілі на 1 год пазбаўлення волі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта) за ўпадабанне палітычнай карыкатуры на Лукашэнку ў сацыяльных сетках. Мікалая Клімовіча асудзілі на турэмнае зняволення, нягледзячы на тое, што ён меў інваліднасць II групы. Яго арыштавалі ў зале суда. У 2022 годзе Мікалай Клімовіч перанёс інсульт і аперацыю на сэрцы. Перад прысудам ён сказаў: «Любое турэмнае зняволенне для мяне – гэта смерць, бо я мушу быць пад сталым наглядам доктара, прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. Я магу не вытрымаць нават месяца».

Літаратара і палітолага Аляксандра Фядуту не вызвалілі ад лагернай працы, нягледзячы на стан здароўя. Аляксандр Фядута адбывае 10-гадовы тэрмін у калоніі № 15 у Магілёве.

Аўтара турэмнай літаратуры Аляксандра Францкевіча месяц утрымлівалі ў штрафным ізалятары калоніі № 5 у Івацэвічах.

Адміністрацыя турмы № 1 у Гродне змясціла журналіста, аўтара кнігі турэмнай прозы «Фарбы паралельнага свету» Мікалая Дзядка ў штрафны ізалятар на 10 сутак за тое, што ён лёг спаць на некалькі хвілін раней, чым было дазволена.

Родныя літаратара і грамадскага дзеяча Паўла Севярынца месяц не атрымліваюць ад яго лістоў.

V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

10 траўня Эканамічны суд ліквідаваў адно з найстарэйшых прыватных выдавецтваў – «Зміцер Колас». Пазоў Міністэрства інфармацыі ў дачыненні да аднаго з найбольш дасведчаных беларускіх выдаўцоў Змітра Коласа, які пачаў сваю дзейнасць яшчэ ў савецкія часы, судовая інстанцыя пачала разглядаць 2 траўня. У сваёй заяве ведамства патрабавала ануляваць выдадзенае раней пасведчанне аб рэгістрацыі.

Нагодай для пазову стаў зборнік гістарычных дакументаў «„Вызваленыя“ і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў». 6 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў кнігу «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і забараніў яе распаўсюджваць.

VI. Дзяржаўны вандалізм у дачыненні да мясцінаў памяці

15 траўня стала вядома пра акт вандалізму ў дачыненні да народнага мемарыяла на месцы расстрэлаў часоў Сталіна каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна. На магілах ахвяр расстрэлаў выламаны драўляныя крыжы з прозвішчамі расстраляных, знішчаны ўказальнікі. Металёвая шыльда з надпісам «Мемарыял „Хайсы“» знята з балтоў, а рамка пагнута. На думку Яна Дзяржаўцава, стваральніка ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты», гэта мэтавая дзейнасць уладаў дзеля знішчэння памяці пра масавыя расстрэлы ў Хайсах.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: