Беларускі ПЭН апублікаваў хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за другую палову красавіка

Культура
Экспанаты выставы Магдалены Абакановіч. Фота: Reform.by.

Праваабарончая арганізацыя «Беларускі ПЭН» апублікавала чарговы вынік дакументавання парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за другую палову красавіка 2023 года.

На 30 красавіка 2023 года: дзеячаў культуры ў няволі – 131.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

Краязнаўца Уладзіміра Гундара асудзілі на 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Акцёра тэатральна-музычнага калектыву «Гузікі» Андрэя Трызубава асудзілі на 3 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»).

Суд пакараў пазбаўленнем волі на 2 гады ва ўмовах агульнага рэжыму Андрэя Пуканава – выкладчыка нямецкай мовы, бакалаўра багаслоўя, краязнаўца, чальца Беларускага геаграфічнага таварыства.

На 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію») асудзілі хрысціянскіх музыкаў Веру і Андрэя Мамойкаў.

У Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме працягваецца суд над заснавальнікам крамы Symbal.bу, менеджарам культуры Паўлам Белавусам. Суд над ім пачаўся 20 лютага. Паўлу Белавусу выставілі абвінавачанні паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Павел Белавус знаходзіцца за кратамі з 23 снежня 2021 года.

Паэт, музыка, перакладчык, аўтар зборніка паэзіі «Развітанцы» (2016), былы фронтмен гурта «Hurma», аўтар шэрагу песень для розных выканаўцаў Мікіта Найдзёнаў утрымліваецца ў следчай турме № 8 у Жодзіне. Паводле папярэдніх звестак, яму інкрымінаваны ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў у 2020 годзе.

Працягнуўся разгляд крымінальнай справы паэта і былога выкладчыка прыватнай школы «Смарт Скул» Дзмітрыя Юртаева, якога вінавацяць паводле ч. 1 арт 368 («Знявага прэзідэнта») і ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне сацыяльнай варожасці або разладу»).

Вынесены прысуд у трэцяй крымінальнай справе ў дачыненні да публіцысткі і грамадскай актывісткі Алены Гнаўк – 1 год пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Агульны тэрмін пакарання цяпер складае 2 гады і 11 месяцаў зняволення.

Івана (Яна) Марозава, аўтара і рэдактара «Вікіпедыі», аднаго з пачынальнікаў беларускамоўнай актыўнасці ў LiveJournal, вядомага пад нікнэймам hondurazian, асудзілі да 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

У Рэчыцы затрыманы мастак-шаржыст Анатоль Шчогалеў. Паводле паведамлення тэлеграм-канала Рэчыцкага РАУС, Анатоль Шчогалеў затрыманы за тое, што быў падпісаны на «дэструкцыйныя тэлеграм-каналы» і «займаўся распаўсюджаннем дэструкцыйнай інфармацыі», асуджаны на адміністрацыйны арышт, але не ўдакладняецца, на колькі.

У Гродне быў затрыманы былы бубнач гурта «Dzieciuki» Аляксандр Сыраежка. 3 дні яго трымалі за кратамі, пасля адпусцілі. 24 траўня адбудзецца суд.

Ва Ушачах Віцебскай вобласці паводле адміністрацыйнага артыкула асудзілі настаўніцу беларускай мовы Ірыну Леснічэнку. Настаўніца плануе абскардзіць рашэнне 3 траўня.

Кандыдат філасофскіх навук Ігар Бортнік трэці раз быў арыштаваны на 13 сутак паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях («Распаўсюджанне экстрэмісцкай прадукцыі»). Ігар Бортнік быў затрыманы 29 сакавіка, падчас масавых арыштаў сярод супрацоўнікаў музея. Яго затрымалі на працоўным месцы, вывелі з працы ў кайданках падчас ператрусу, разграмілі кватэру.

У Верхнядзвінску Віцебскай вобласці чарговы раз затрымалі арганізатарку культурніцкіх імпрэз Валянціну Болбат.

III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

Валерыя Васюковіч ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» ў адкрытым доступе размясціла публікацыі з выявай сцяга бел-чырвона-белага колеру з гербам «Пагоня». Яна была затрымана 8 красавіка на працоўным месцы і ўтрымлівалася за кратамі. Суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе 3 сутак адміністрацыйнага арышту, якое яна ўжо адбыла.

У Слоніме быў арыштаваны Аляксандар Салейка, яго асудзілі паводле двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэкса на 15 сутак арышту і 20 базавых велічынь штрафу за падпіску на старонку «BYSOL» і за фота аўтамабіля з бел-чырвона-белай налепкай.

Вольгу Рынкевіч, якая ў асабістым профілі сацыяльнай сеткі «Одноклассники» размясціла фотаздымкі з выявай бел-чырвона-белых сцягоў, аштрафавалі на 20 базавых велічынь.

IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі і катаванні зняволеных

26 красавіка стала вядома, што Віктара Бабарыку, экс-старшыню кіраўніцтва «Белгазпрамбанка», мецэната і былога прэтэндэнта на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, з цялеснымі пашкоджаннямі даставілі ў аддзяленне хірургіі наваполацкай бальніцы. Віктар Бабарыка адбывае пакаранне ў калоніі ў Наваполацку пасля прысуду ў палітычна матываванай справе.

V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

Міністэрства інфармацыі падало ў эканамічны суд Мінска пазоў аб спыненні дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці выдаўца друкаваных выданняў выдавецкага дома «Зміцер Колас».

Пасяджэнне ў Вярхоўным судзе прызначана на 2 траўня. Падставай для пазову стаў выдадзены зборнік гістарычных дакументаў «”Вызваленыя” і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў». 6 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў кнігу «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да сайта з беларускамоўнымі аўдыякнігамі audiobooks.by. На платформе захоўваюцца спасылкі больш чым на 5 соцень кніг.

VI. Дэбеларусізацыя

У рэпертуары Гродзенскага тэатра лялек не засталося ніводнага спектакля на беларускай мове. Гэта вынікае з афішы на красавік – травень 2023 года.

VII. Вандалізм у дачыненні да памятных мясцін

21 красавіка стала вядома, што ў Мінску, у месцы масавых сталінскіх расстрэлаў Курапаты, апаганілі помнік расстралянаму ў 1938 годзе палітыку, гісторыку, акадэміку Вацлаву Ластоўскаму. Мемарыяльны крыж Вацлаву Ластоўскаму стварылі ў 2016 годзе мастак Алесь Цыркуноў і разьбяр Юрась Камандзірчык.

VIII. Ліквідацыя арганізацый і фондаў, што спрыяюць культуры

28 красавіка Гродзенскі абласны суд вынес рашэнне аб ліквідацыі Пяляскага грамадскага аб’яднання літоўцаў «Гімціне», якое дзейнічала з 1993 года на базе сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёна.

Цалкам хроніку можна паглядзець тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: