Беларускі панк-музыка і былы палітзняволены Ігар Банцар знаходзіцца ў варшаўскім СІЗА. Гэта стала вядома ад арганізацыі «ДА ВОЛІ», якая зараз збірае грошы на дапамогу для гродзенскага актывіста.
Прычына, па якой Ігар Банцар апынуўся ў зняволенні, пакуль не вядомая.
Раней у музыканта былі праблемы з жытлом і працай. Але сітуацыя за апошні час змянілася да лепшага: Ігару прапанавалі працу, а таксама ён атрымаў магчымасць жыць у Osiedle Przyjaźń — пасёлку ў Варшаве, частка дамоў якога заскватаваная. У яго быў дах над галавой.
Таму на пытанне Reform.news, што стала падставай для затрымання Ігара, сябры шчыра адказалі, што не ведаюць.
Арганізацыя «ДА ВОЛІ» збірае грошы для набыцця харчовай перадачы для музыкі; таксама частка сродкаў мусіць быць пераведзена на рахунак Ігара ў польскім СІЗА. У аб’яве пазначаецца і ўласна дадзеныя рахунка Ігара Банцара ў СІЗА, на які можна перавесці грошы самастойна.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram