Мультыдысцыплінарная мастачка Анастасія Рыдлеўская сёння, 7 жніўня, выпусціла сінгл I’m Freaking Crazy — ужо трэці з новага альбома Alchemia. У ім артыстка працягвае вызваляць боль і агрэсію, што назапашваліся ўсё жыццё, і выкручвае іх на максімум. Ніякіх паўмер, ніякіх здзелак з сумленнем, толькі супрацьтанкавая ўпэўненасць ва ўласных пачуццях, якія, у рэшце рэшт, перарадзяцца ў кветкі.
— Гэтая песня — чыстая энергія, — каментуе Анастасія Рыдлеўская. — Аскал і рык. Песня вызвалення. Песня-тэрапія для ўсіх, хто таксама доўга назапашваў боль, злосць і агрэсію ў адказ на несправядлівасць свету, каб урэшце выпусціць усё гэта вонкі. Песня апакаліпсісу, адчування Армагедона, які мы ўсе цяпер перажываем сярод бясконцых новых войнаў, рэвалюцый і бедаў. Песня-маніфест для ўсіх, каму разбілі сэрца, каму здрадзілі. І для ўсіх, хто больш не хоча заставацца ахвярай свету і абставін.
Каб дадаць яшчэ трацілу ў гэтую ўзрыўную сумесь, да прадакшну далучылася беларуская рэжысёрка Валерыя Чарнасліў са сваёй камандай Skrash Prod — яны знялі кліп на песню ў апакаліптычных ваколіцах Варшавы, перасягнуўшы ў сваіх вар’яцтвах гарызонт падзей Сусвету.
Слухай новы сінгл можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
