Беларускі дызайнер Ігар Назаранка стаў фіналістам AI-фэсту ў Сеуле

Культура
Ігар Назаранка. Фота прадастаўлена аўтарам.

Беларускі графік і дызайнер Ігар Назаранка ўвайшоў у лік фіналістаў міжнароднага фестывалю Seoul International AI Film Festival (SIAFF), які праходзіць у сталіцы Паўднёвай Карэі з 28 па 30 чэрвеня.

У фінал конкурсу прайшоў ролік творцы пад назвай «Every Doggy app». Гэта праца на стыку рэкламы і анімацыі, прысвечаная мабільнаму дадатку для ўладальнікаў сабак. Праз відэашэраг аўтар дае карысныя парады, як дапамагчы хатнім гадаванцам менш нервавацца, стварыць для іх бяспечнае месца і знайсці кантакт праз масаж ды звыклы парадак дня.

Беларускі дызайнер Ігар Назаранка стаў фіналістам AI-фэсту ў Сеуле
Скрыншот з роліка.

Усе візуальныя элементы, рух і анімацыя былі згенераваныя інструментамі штучнага інтэлекту. Аўтар выкарыстаў генератыўныя тэхналогіі як паўнавартаснага суаўтара, каб даселедаваць новыя магчымасці лічбавай візуальнай мовы і намацаць мяжу паміж чалавечай ідэяй і машынай.

Беларускі дызайнер Ігар Назаранка стаў фіналістам AI-фэсту ў Сеуле
Скрыншот з роліка.
Беларускі дызайнер Ігар Назаранка стаў фіналістам AI-фэсту ў Сеуле
Скрыншот з роліка.

Ігар Назаранка добра вядомы ў беларускай культурнай супольнасці як дызайнер музычных альбомаў. У яго даробку — афармленне вокладак больш за 50 музычных плытак вядомых айчынных выканаўцаў. Сярод гуртоў, з якімі ён супрацоўнічаў — Nizkiz, J:морс, Лявон Вольскі, Крамбамбуля і іншыя творцы.

Сённяшнія эксперыменты мастака з AI-відэа — гэта лагічны працяг яго творчага шляху ад графікі да лічбавых медыумаў. Эксперыменты Ігара з нейрасецямі не першы раз прыцягваюць увагу: раней яго іншы AI-праект, у якім «ажывалі» знакамітыя вулічныя графіці, заўважыла і апублікавала ў сваіх сацсетках брытанская тэлерадыёкампанія BBC Merseyside (у прыватнасці, відэа з анімаваным муралам Рынга Стара ў Ліверпулі).

«Штучны інтэлект становіцца новым інструментам у руках мастака — роўна так, як калісьці фатаграфія, камп’ютарная графіка ці лічбавы дызайн цалкам змянілі наша ўяўленне пра тое, як ствараецца мастацтва», — адзначае дызайнер.

Seoul International AI Film Festival (SIAFF) — малады паўднёвакарэйскі індзі-фестываль, заснаваны на хвалі імклівага развіцця генератыўнага мастацтва. Сёлета форум праходзіць ужо ў пяты раз. Прыём праектаў на фэст адбываецца праз міжнародную платформу FilmFreeway, што дазваляе збіраць заяўкі ад лічбавых мастакоў і рэжысёраў з усяго свету. Галоўная мэта пляцоўкі — стаць прасторай для нэтворкінгу аўтараў і ІТ-спецыялістаў, якія эксперыментуюць з AI-інструментамі ў кіно, анімацыі і відэаарце. Мерапрыемствы фэсту традыцыйна ладзяцца ў сучасных крэатыўных і культурных прасторах Сеула.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.