Андрэй Куціла, Арцём Лобач, Аляксей Палуян, Ксенія Галубовіч, Мікіта Лаўрэцкі, Павел Мажар, Мара Тамковіч, Генадзь Буто, Андрэй Кашперскі… — стужкі гэтых і іншых беларускіх рэжысёраў удзельнічаюць сёлета ў другой эдыцыі Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас’24». Доўгім спісам намінантаў, у які ўвайшла 71 карціна, каманда ініцыятывы сёння падзялілася ў сацсетках.
Так, самымі прадстаўнічымі аказаліся намінацыі «Найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм» і «Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм» — у іх спаборнічаюць 21 і адпаведна 21 карціна. Сярод прагучаўшых стужак тут — «Метадычка» Паўла Мажара, «Маладосць па-беларуску» Ксеніі Галубовіч, «Ператрымка» Андрэя Кашперскага, «Смеццевая галава» Юрыя Сямашкі, «У жывым эфіры» Мары Тамковіч.
У намінацыі «Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм» заяўлены 17 стужак. Можам заўважыць тут лаўрэатаў міжнародных кінафестываляў: «Калі кветкі не маўчаць» Андрэя Куцілы, «Мара» Сашы Кулак, «Кураж» («Смеласць») Аляксея Палуяна, ды гэтаксама працы Арцёма Лобача, Сашы Ігнатовіч, Мікіты Лаўрэцкага…
Два фільма ад беларускага мамблкор-аўтара Мікіты Лаўрэцкага — «Спатканне ў Мінску» і «Дзіцячы фільм» — гэтаксама ёсць у катэгорыі «Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм». Яны будуць спаборнічаць за перамогу з «Лета 1989» Уладзіміра Казлова, стужкамі «Камеры ў вачах» Віктара Лебедзева і Ганны Дэн ды «Сем’янін» гэтага ж рэжысёрскага дуэту.
У намінацыі «Найлепшы анімацыйны фільм» — сем канкурсантаў. Гэта «Адмова» і «Вячэра з індыком» Глеба Куфцерына, «Горы» Аляксандры Пакацілавай, «The primitives» і «Скачок» Генадзя Буто, «Shirey Mara» Наты Карнеевай і «Мая дзяўчына-кака» Мікіты Лаўрэцкага.
Арганізатары прэміі падкрэсліваюць, што ў публічны спіс не ўвайшлі карціны, аўтары якіх пажадалі застацца ананімнымі ўдзельнікамі.
Нагадаем, што журы прэміі ў складзе 16 чалавек будзе ацэньваць кінапрацы ў трынаццаці намінацыях — то-бок кінакрытыкі, кінадаследчыкі і кінажурналісты будуць выбіраць выбітных таксама ў такіх катэгорыях як: «Найлепшы актор», «Найлепшая акторка», «Найлепшая праца аператара», «Найлепшы сцэнар», «Найлепшае мастацкае рашэнне», «Найлепшы саунддызайн», «Адкрыццё года» ды іншых.
У журы другога «Чырвонага верасу» ўвайшлі: кінакрытык Ульяна Будзік, кінааналітык Максім Жбанкоў, арт-менеджарка Ліна Мядзведзева, фестывальны арганізатар Ігар Сукманаў, аўтарка выдання Backstage Алена Сойка, кінакрытык Ганна Яфрэменка, даследніца кіно Альміра Усманава, а таксама сузаснавальнікі прэміі Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі. Частка экспертаў застаецца ананімнай.
Беларуская прэмія кінакрытыкаў “Чырвоны верас” ладзіцца з 2021 года і адзначае найлепшыя дасягненні ў сферы беларускага кіно – кіно, якое ствараюць беларусы паводле грамадзянства альбо нацыянальнасці ў краіне і за яе межамі. Узнагароды закліканыя прыцягваць увагу да гэтых дасягненняў і спрыяць умацоўванню айчыннага кінакам’юніці.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: