Беларуская незалежная фатаграфічная асацыяцыя абвесціла пра запуск Фестывалю фатаграфіі

Культура
Скрын з сайта Фестывалю Фатаграфіі.

PhotoArtDoc — такую назву мае новы Фестываль Фатаграфіі з тэматыкай на стыку дакументалістыкі і мастацтва, арганізатарам якой выступае Беларуская незалежная фатаграфічная асацыяцыя. Падзея, куратарам якой выступае фатограф, культурны дзеяч Сяргей Міхаленка, пройдзе сёлета з красавіка па лістапад у анлайн і афлайн прасторы.

«Запускаючы фестываль беларускай фатаграфіі PhotoArtDoc, мы намагаемся сабраць на адной пляцоўцы беларускіх фатографаў розных пакаленняў — тых, хто раз’ехаўся па розных краінах і тых, хто працягвае жыць і працаваць у Беларусі, — прадставіў новую ініцыятыву ў сацсетках Сяргей Міхаленка. — Так, сітуацыя зараз склалася такім чынам, што беларуская фатаграфія перажывае няпростыя часы. Многія аўтары былі вымушаны з’ехаць з Беларусі, што прывяло да істотнай атамізацыі фатаграфічнай супольнасці, якая толькі пачала фармавацца.

PhotoArtDoc — гэта ўвасабленне нашых намаганняў па стварэнні аб’яднаўчай платформы, якая дазволіць аднавіць сувязі і будзе садзейнічаць пераемнасці», — адзначае фатограф.

Праграма фестывалю складаецца з дзвюх частак — адукацыйнай і конкурснай.

Сёння стартуе прыём заявак у адукацыйную праграму, якая пройдзе ў перыяд з красавіка па жнівень 2024 года ў анлайн-фармаце. Адукацыйная частка ўяўляе сабой модуль, у рамках якога на конкурснай аснове будуць сфарміраваныя тры навучальныя групы. Пад кіраўніцтвам ментараў удзельнікі гэтых груп на месяцы пагрузяцца ў насычаны творчы працэс навучання і стварэння фотапраектаў.

Ментары і тэмы адукацыйнай праграмы:

Сяргей Гудзілін — Дакументальная фатаграфія ў СМІ, праектная і мультыжанравая фатаграфія.

Кацярына Кузмічова — Фотапраект, візуальны сторытэлінг і мультымедыя.

Таццяна Ткачова — Дакументальная і постдакументальная фатаграфія, этапы працы над персанальным праектам.

«Праект адкрыты для ўсіх беларускіх аўтараў, незалежна ад узроўню навыкаў і досведу ў фатаграфіі, а таксама незалежна ад месца жыхарства, — падкрэсліваюць арганізатары. — Асноўны крытэр — жаданне развівацца ў галіне дакументальнай і праектнай фатаграфіі».

Прыём заявак на адукацыйную частку Фестывалю ідзе да 10 красавіка 2024 года.

Другая — Конкурсная — частка форуму складаецца з дзвюх намінацый: закрытай і адкрытай.

Закрытая намінацыя — толькі для праектаў, створаных удзельнікамі адукацыйнай праграмы PhotoArtDoc у працэсе навучання.

Адкрытая намінацыя — для ўдзелу ўсіх фатографаў, якія ствараюць праекты ў галіне дакументальнай і арт-фатаграфіі на тэму Беларусі ці беларусаў. Інфармацыя аб намінацыі, крытэрыях, складзе журы, а таксама прыёме заявак у адкрытую намінацыю будуць апублікаваны ў траўні 2024 года.

«PhotoArtDoc — гэта магчымасць стварыць і прадставіць гледачам праекты пра Беларусь, пра лёсы беларусаў і пра той досвед, які яны зараз пражываюць. Гэта мост у будучыню, магчымасць убачыць калег і іх творчасць. Магчымасць развівацца і рухацца наперад», — падсумоўвае каманда фэсту.

Нагадаем, што арганізатар падзеі — Беларуская незалежная фатаграфічная асацыяцыя (BIPA) была створана ў мінулым годзе з мэтай «аб’яднання беларускіх фатографаў у партнёрскую і салідарную супольнасць, якая будзе мець значны голас, каб лабіраваць інтарэсы на рэгіянальным і міжнародным узроўнях».

Падрабязней пра Фестываль Фатаграфіі можна дазнацца тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: