Свой погляд на выставу мастачкі Ліліяны Зейц, натхнёнай легендай аб возеры Свіцязь, прадставіла на фінісажы праекта ва Уроцлаве Вольга Мжэльская. Беларуская куратарка была запрошана ў якасці вядоўцы экскурсіі ў межах Культурнага ўікенда ва ўроцлаўскі арт-цэнтр Piekarnia Żywa Kultura.
Выстава польскай мастачкі Ліліяны Зейц «Першы год яны спяць, другі год поўзаюць, трэці год яны ўзрываюцца» заснавана на легендзе аб возеры Свіцязь, якую Адам Міцкевіч узнавіў у сваім зборніку 1822 года «Балады і рамансы».



Паводле легенды, возера Свіцязь захоўвае таямніцу і гісторыю затанулага горада. Аддаўшы перавагу смерці, чым захопу ворагам, горад сышоў на дно возера Свіцяць, а яго жыхары пераўтварыліся ў расліны. Па іншай версіі, жанчыны затанулага горада да гэтага часу жывуць пад паверхняй возера, і іх песні часам можна чуць па начах.
Для Ліліяны Зейц гэта легенда стала натхненнем для квір-экалагічнага выказвання, дзе жаночыя постаці пераплятаюцца з расліннымі формамі. Іх ідэнтычнасці размываюцца, а суб’ектыўнасці ўплываюць адна на адну. Для мастачкі таямнічая гісторыя застаецца квір-стратэгіяй вяртання бачнасці, перапрацоўкі траўмы, культывавання памяці і цыркуляцыі ўсяго жывога.


Вольга Мжэльская прадставіла на выставе свой погляд на выказванне польскай аўтаркі: куратарка з Беларусі злучыла яго з праектам «Свіцязянкі», прысвечаным жанчынам з тых краёў. У прэзентацыі Вольга звярнулася да сваіх каранёў на Свіцязі, сямейнай гісторыі, гістарычных адсылак, якія паўплывалі на яе інтэрпрэтацыю творчасці польскай мастачкі.

У сваёй трактоўцы Вольга падымае ўніверсальныя пытанні аб ідэнтычнасці і супольнасці, якія нараджаюцца праз асабісты досвед і памяць.

Даведка:
Ліліяна Зейц – нарадзілася ў 1988 годзе, візуальная мастачка, доктарка філасофіі ў галіне выяўленчага мастацтва. Яе мастацкая практыка заснавана на квірфемінізме і квірэкалогіі.
Яна працуе з рамеснымі тэхнікамі, відэа, фатаграфіяй, аб’ектамі і тэкстам, ствараючы інтэрмедыйныя і перфарматыўныя праекты, заснаваныя на мастацкіх даследаваннях.
З 2020 года яна ўсё больш актыўна выкарыстоўвае рамесныя метады, у першую чаргу распрацоўваючы ўласную тэхніку апрацоўкі дрэва, заснаваную на інтарсіі (адна з тэхнік інкрустацыі).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram