Беларуская фатаграфія скарае польскі Рыбнік: на міжнародным фотафестывалі ў Польшчы кнігі беларускіх аўтараў карысталіся попытам

Культура
Падчас адкрыцця стэнда кніг беларускай фатаграфіі. Фота: Косця Кім.

27-29 сакавіка ў польскім Рыбніку прайшоў 23-ты міжнародны фотафестываль. Для многіх наведвальнікаў адкрыццём стала беларуская прысутнасць: на фестывалі прайшлі прэзентацыі кніг беларускіх аўтараў, а таксама беларуская фатаграфічная платформа ФШ1 прадставіла стэнд беларускіх фотавыданняў і зінаў. Вынік — кампліменты ад прафесійнай супольнасці, раскупілі амаль усе прывезеныя асобнікі.

Кніжныя прэзентацыі

Беларуская фатаграфія скарае польскі Рыбнік: на міжнародным фотафестывалі ў Польшчы кнігі беларускіх аўтараў карысталіся попытам
Марыя Карнеенка прадстаўляе сваю кнігу «Rattus Sapiens». Фота: Косця Кім.

Адной з самых атмасферных лакацый фэсту стала Zabytkowa Kopalnia Ignacy (Гістарычная шахта «Ігнацы»), дзе прайшлі галоўныя кніжныя прэзентацыі.

Беларуская фатографка Марыя Карнеенка прадставіла тут сваю кнігу «Rattus Sapiens». Гэта далікатная і дасціпная праца, якая прапануе антыантрапацэнтрычны погляд на свет (вачыма пацука). Прэзентацыя выклікала сапраўдны ажыятаж: усе асобнікі для продажу раскупілі адразу, а гледачы вярталіся з водгукамі нават на наступны дзень.

Мастачка Кацярына Кузьмічова (аўтарка вядомага праекта «Betonium») прэзентавала новую фотакнігу «Butter melts at 36,6». Кацярыну, якая жыве ва Уроцлаве, ужо добра ведаюць у польскай супольнасці, таму яе новы праект сустракалі з асаблівай цікавасцю. А напярэдадні ў Галерэі Rzeczna гледачы змаглі пабачыць яе нашумелы «Betonium».

Беларуская фатаграфія скарае польскі Рыбнік: на міжнародным фотафестывалі ў Польшчы кнігі беларускіх аўтараў карысталіся попытам
Пра свой новы праект «Butter melts at 36,6» распавядае Кацярына Кузмічова. Фота: Косця Кім.

Новая серыя беларускай аўтаркі — «Butter melts at 36,6» — гэта даследаванне палітычнага і эмацыйнага праз партрэты ў хатніх інтэр’ерах, дзе працэс здымкі — гэта акт узаемнага даверу (удзельнікі і фатографка здымаюць адно аднаго на Instax). Каця, якую добра ведаюць у польскай фотасупольнасці, хутка прадставіць свой новы праект на выставе ў Канадзе.

Стэнд беларускіх фотакніг не пуставаў ні хвіліны

Платформа ФШ1 таксама прывезла ў Рыбнік больш за 20 выданняў, з якімі можна было пазнаёміцца на адмысловым стэндзе. Тое невялікая колькасць для інстытуцыі, але з боку ФШ1 гэты крок у дадзеным выпадку — вывучэнне рынку і цікаўнасці польскай аўдыторыі. Мэтай стэнду ў першую чаргу было знаёмства публікі з беларускай фатаграфіяй.

Беларуская фатаграфія скарае польскі Рыбнік: на міжнародным фотафестывалі ў Польшчы кнігі беларускіх аўтараў карысталіся попытам
На стэндзе ФШ1. Фота: Косця Кім.

Але глядач не толькі прыняў выданні беларускіх фатографаў, але і раскупіў іх.

Беларусам нават зрабілі камплімент, што атрымаўся адзін з найцікавейшых стэндаў. Людзі адзначалі, што праекты вельмі розныя, а дызайн кніг (у прыватнасці ад выдавецтва «Тамака») — на вышыні.

Акрамя галоўных кніг-навінак, у топе цікавасці апынуліся тэмы міграцыі і памяці: зін Яны Шніпельсан «Scarb» (гісторыі рэчаў, прывезеных з Беларусі), кніга Вікі Адамавай «Czur, jestem w domku».

Таксама прыцягвалі ўвагу працы Мілы Коткі «Verbum Naturae», Машы Святагор «Everybody dance!», Алеся Кота-Зайцава «Dom» і Волі Завяржэнец «Аurora Borealis».

Беларуская фатаграфія скарае польскі Рыбнік: на міжнародным фотафестывалі ў Польшчы кнігі беларускіх аўтараў карысталіся попытам
На стэндзе ФШ1. Фота: Косця Кім.

Rybnik Foto Festival — гэта адна з найстарэйшых і найбольш паважаных фотападзей у польскай Сілезіі. Фестываль адрозніваецца сваёй адкрытасцю: тут няма строгіх межаў паміж прызнанымі майстрамі і пачаткоўцамі. Галоўная мэта імпрэзы — стварыць прастору для шчырага дыялогу праз візуальныя вобразы. Выставы праходзяць у знакавых лакацыях — ад сучаснай мастацкай галерэі Rzeczna да індустрыяльных інтэр’ераў старадаўняй шахты «Ігнацы».

Сёлетняя эдыцыя фестывалю была прысвечана напружанню паміж чалавекам і зямнымі рэсурсамі. Куратары абралі праекты, якія рэзануюць з ідэяй «адлігі адчувальнасці» — вяртаннем да крохкасці жыцця, адказнасці і пошуку балансу. У цэнтры ўвагі апынуліся праекты, якія адмаўляюцца ад дамінавання чалавека над прыродай і прапануюць практыку ўважлівасці.

Беларуская фатаграфія скарае польскі Рыбнік: на міжнародным фотафестывалі ў Польшчы кнігі беларускіх аўтараў карысталіся попытам
З праекта «Як далёка, як блізка» — Барбара Кубска і Зыгмунт Кубскі. Фота: Косця Кім.
Беларуская фатаграфія скарае польскі Рыбнік: на міжнародным фотафестывалі ў Польшчы кнігі беларускіх аўтараў карысталіся попытам
З праекта «Апошнія кветкі на зямлі» Іаанны Шпак-Астахоўскай. Фота: Косця Кім.
Беларуская фатаграфія скарае польскі Рыбнік: на міжнародным фотафестывалі ў Польшчы кнігі беларускіх аўтараў карысталіся попытам
З праекта «Ценявая лінія» — Міхал Корта. Фота: Косця Кім.
Беларуская фатаграфія скарае польскі Рыбнік: на міжнародным фотафестывалі ў Польшчы кнігі беларускіх аўтараў карысталіся попытам
З праекта «Вяртанне да іншага берага» — Агнешка Гатавала. Фота: Косця Кім.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.