Паэт Сяргей Прылуцкі напісаў у сваім Фэйсбуку, што ўжо больш 2-х тыдняў знаходзіцца ў Інтэрнацыянальным Легіёне.
Ён распавёў «Нашай Ніве», што быў гатовы ісці ваяваць яшчэ ў 2022 годзе, «але тады стаялі вялізныя чэргі перад ваенкаматамі, быў сур’ёзны адбор. Людзей, у якіх былі нейкія пытанні са здароўем, адсейвалі. Я са сваім трошкі неідэальным здароўем быў не такі патрэбны».
Паэт жыве ў Бучы, у 2022-м на нейкі час эвакуяваўся адтуль, але пазней вярнуўся. У яго ёсць украінскае грамадзянства.
«У 2024 годзе прынялі новы закон наконт мабілізацыі, бюракратыі стала менш, і я змог зноў стаць на вайсковы ўлік у Бучы. Неяк усё расцягнулася на год, і выйшла, што я трапіў у войска толькі цяпер. Мяне гэта не шакавала, не стала нейкім сюрпрызам, бо я сам шукаў месца, куды пайсці служыць», — расказаў Прылуцкі «Нашай Ніве».
Сяргей Прылуцкі выбраў Інтэрнацыянальны легіён, бо там добрыя падраздзяленні і служаць некалькі яго сяброў. І там былі патрэбныя людзі.
У хуткім часе ў Сяргея пачнецца навучанне ў вучэбцы, якое, верагодна, зойме 45 дзён.
Нагадаем, што два вершаваныя зборнікі Сяргей Прылуцкага трапілі ў доўгі спіс Прэміі імя Наталлі Арсенневай. Гэта «Нічога нястрашнага», прысвечаны вайне і яе прадчуванню, і «Гіброіды», які таксама пра прадчуваньне катастрофы, прыпраўленае сюррэалістычным абсурдам і чорным гумарам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram