Беларус як чалавек з ніадкуль, здольны адмовіцца ад зброі: рэцэнзія на фільм Disco Bоу, уганараваны на Берлінале

Главное
Кадр з фільма Disco boy.

Учора на Берлінскім міжнародным кінафестывалі былі абвешчаны пераможцы. Сярод уганараваных фільмаў — і праца італьянскага рэжысёра Джакама Абруцэзе (Giacomo Abbruzzese) Disco boy. За выбітны ўнёсак у кіно «Сярэбраным мядзведзем» была адзначана аператарка Элен Лувар, якая працавала на карціне. Аглядальніку Reform.by ўдалося ўбачыць нашумелую стужку, у якой галоўнага героя — беларуса — грае зорка сучаснага нямецкага кіно Франц Рагоўскі.

У рэйсавым аўтобусе футбольныя фанаты ў зелёна-чырвоных шаліках спяваюць «Тры чарапахі». Вось, уласна, і ўсе беларускія маркеры, якія можа пабачыць у поўнаметражным дэбюце італьянскага рэжысёра. Беларус Аляксей разам са сваім сябрам Мішам перасякаюць польскую мяжу, каб літаральна на бліжэйшым прыпынку сысці ў лясы. Хлопцаў не цікавіць футбол — яны хочуць трапіць у Французскі легіён, каб займець новае жыццё. Нягледзячы на тое, што больш у карціне глядач не пачуе ані беларускай мовы, ані іншых згадак пра Беларусь (адно толькі, што герой — з Ліёзна), Аляксей паўстае ў гісторыі Джакама Абруцэзе — асобай неардынарнай і цэласнай. І гэтага ўжо дастаткова, каб прыняць гэту нешарагавую карціну, якая намацвае новую мастацкую мову, спалучаючы сацыяльную драму з экалагічнай і мігранцкай павесткай з амаль «трып-хопавай» фантасмагорыяй.

Беларус як чалавек з ніадкуль, здольны адмовіцца ад зброі: рэцэнзія на фільм Disco Bоу, уганараваны на Берлінале
Кадр з фільма Disco boy. Галоўную ролю — беларуса Аляксея грае нямецкі актор Франц Рагоўскі.

Беларус, Французскі легіён, партызаны дэльты ракі Нігер у Нігерыі, парыжскія клубы — здавалася, як можна злучыць у фільме гэтыя абсалютна далёкія адзін ад аднога сусветы, але Джакама Абруцэзе, вядомы па эксперыментальных працах I santi, Fame, Stella Maris, смела крочыць нечаканымі сцежкамі, каб чалавек аднекуль з Усходняй Еўропы — кім, уласна, і паўстае беларус Аляксей — убачыў у афрыканскім паўстанцы блізкую душу.

Першая нечаканка (асцярожна, спойлер!) здраецца з галоўным героем, калі ён яшчэ ў Польшчы разам з сябрам пераплывае раку, каб рушыць далей у Францыю. Сябры закінулі рэчы на надзіманы матрац, і павольна плывучы, паўтараюць адзін за адным французскія словы, прадчуваючы новае жыццё. Раптоўна іх «плыт» пераразае патрульны кацер. Некалькі секунд цішыні, — і цудам Аляксей выбіраецца на бераг. Ні рэчаў, ні сябра. Нікога. Мы бачым раку, і двайной экспазцыяй — твар Франца Рагоўскага, які ўглядваецца ў гэту плынь, якая змяняе яго жыццё. Уласна, у гэты момант рэжысёр і дае зразумець, што звыклага роуд-кіно перад намі не будзе.

Абруцэзе адзначаў на прэс-канферэнцыі на Берлінале, што для яго было істотна, каб галоўныя героі ў фільме размаўлялі не на сваёй мове. Гэта прастора, у якой чалавек прымярае на сябе іншую ролю, будзе ўзнікаць у стужцы неаднаразова.

Аляксей дабіраецца да Французскага легіёна, і будзе прыняты ў яго. Яшчэ падчас першага сумоўя ён адказвае на пытанні афіцэра. «Акуль вы ведаце французскую мову?»«Фільмы», — гучыць яго адказ. «Вы гатовы падвергнуць сябе рызыцы?»«Той, хто не гатовы, застаецца дома». У Аляксея вялізнае тату на грудзях — Божая маці. Ён круты і нешматслоўны, крыху выдуманы, але Франц Рагоўскі напаўняе яго моцнай унутранай сілай, што вельмі падкупае.

У Нігерыю беларус трапіць ужо па заданні, будучы на чале ваеннай групы.

Паралельна рэжысёр прадстаўляе нам іншая героя — афрыканца Джомо, які ўзначальвае атрад паўстанцаў дэльты ракі Нігер. У выніку эксплуатацыі дэльты тутэйшыя плямёны не маюць магчымасці дыхаць чыстым паветрам, спажываць «чыстую» ежу. У адным з кадраў Джомо чысціць ад бруду толькі вылаўленую ў рэчцы рыбу — нафтавыя заводы пераўтварылі яго край у забруджаную тэрыторыю. Джомо становіцца барацьбітом у выніку абставін, і каб быць пачутымі ён і яго таварышы захопліваюць прыезджых французаў.

Беларус як чалавек з ніадкуль, здольны адмовіцца ад зброі: рэцэнзія на фільм Disco Bоу, уганараваны на Берлінале
Кадр з фільма Disco boy. Нігерыйскага паўстанца грае Мор Ндыяе.

Каб навесці парадак і вызваліць французскіх грамадзян, Аляксей і яго група акурат прылятаюць на кантынент.

І зноў рака, у якую ўваходзіць беларус, каб перабрацца на другі бераг і знайсці мясцовых партызан. На гэты раз у вадзе на яго нападае Джомо. Барацьба мужчын адбываецца ў святле прыбора начнога бачання: прылада ў той момант — на Аляксеі. Каляровыя абрысы ад цела ворага, цяпло чалавечага цела, якое «чытае» прыбор — тое, што бачыць галоўны герой. Фільм пазначае яшчэ адзін зрух у стылістыцы — у пэўныя моманты выява нагадвае псіхадэлічны трып.

Аляксей перамагае Джомо і хавае яго ў зямлі дэльты Нігера. Але ж пачынае адчуваць сувязь з забітым — у самім героі адбываецца перамена. (Трыпавыя пераходы дапамагае ўсведамляць музыка — яскравы музычны шэраг у фільме належыць выканаўцу Vitalic (AKA Pascal Arbez-Nicolas). Адзначым тут у цэлым неверагодную працу аператаркі Элен Лувар, якая «без швоў» злучае разам розныя прасторы. Выбітны кадр выратавання Аляксея з джунгляў — ён хапаецца за лесвіцу верталёта, што падаспеў на дапамогу. Верталёт уздымаецца ўверх — разам з Аляксеем глядач бачыць зверху спустошаную зямлю і забруджаную ваду рэчкі Нігер.

Паўстанец Джомо, калі б нарадзіўся ў свеце паспяховай Еўропы, хацеў бы стаць танцорам. Ён прызнаваўся ў гэтым свайму сябру ў джунглях, калі быў жывы. У рэшце рэшт, на непазбежны канфлікт «свету паспяховай Еўропы» і «іншага свету» карціна Джакама Абруцэзе выходзіць у сваёй кульмінацыі. Аляксей ужо не верыць у місію Французскага легіёна. «Я думаў, што тут будзе інакш, але паўсюль адно і тое ж», — прызнаецца ён выпадковаму «рускаму» ў парыжскім клубе. Апошняй мэтай для героя становіцца пошук дзяўчыны-афрыканкі, якая танцуе ў клубе — яна з’яўляецца сястрой Джомо.

Беларус як чалавек з ніадкуль, здольны адмовіцца ад зброі: рэцэнзія на фільм Disco Bоу, уганараваны на Берлінале
Кадр з фільма Disco boy.

Фільм то набірае тэмп, то запавольваецца, нагадваючы павароты тых самых рэчак, у якія ўваходзіў Аляксей. Розныя сусветы складваюцца ў адно цэлае ліха, нехта скажа непраўдападобна, але, на мой погляд, рэжысёр, ствараючы свой трып, у якім знаходзіцца месца і экшэну, і трансу, і драме, трымае ўвагу і кантралюе дзеянне.

Афіцэр Французскага легіёна, дзе служыць беларус, заўжвае перамену, што адбылася ў Аляксее. Той усё болей адасабляецца ад таварышаў, не спявае песні падчас маршаў. «Калі ты сыйдзеш, то станеш нікім, пераўтворышся ў прывід», — кажа яму камандзір, папарэджваючы аб наступствах. Але рашэнне ўжо не адмяніць. Аляксей спальвае форму салдата і ідзе на танцпол — каб танчыць танец прывіду разам з афрыканскай дзяўчынай.

Джакама Абруцэзе распавядае нам антыкаланіяльную эмігранцкую драму ў духу магічнага рэалізму — дзе героем, здольным адмовіцца ад зброі і згубіць усё, аказваецца беларус. Чалавек з ніадкуль, які аказваецца чулым да болю Іншага і несправядлівасці. Эмігрант з «таго свету», які ўваходзіць у свет Еўропы, каб пазнаць у сабе афрыканскага паўстанца. Ці не надумана? Неверагодна? Брутальна? На маю думку — дык супер!

З 9 сакавіка стужка Disco Bоу мусіць з’явіцца ў італьянскім пракаце, а з 9 красавіка — у французскім. Ці ўбачаць калі-небудзь яе беларусы — пакажа час.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: