На Belsat Doc выйшаў дакфільм пра беларускую ваярку Марыю Зайцаву

Культура
Скрыншот з тэлерэпартажу.

«Не кожны чалавек — Маша» — у серыі «Ваяры і валанцёры» на Belsat Doc выйшаў дакументальный фільм, прысвечаны Марыі Зайцавай. Што за чалавек была беларуская ваярка, смерць якой на вайне ва Украіне ўзрушыла людзей — сведчанні блізкіх пра дзяўчыну сабрала ў сваім тэлерэпартажы беларуская рэжысёрка Вольга Воранава.

У фільме сваімі ўспамінамі пра Марыю Зайцаву дзеляцца: Крысціна Шыянок — каардынатарка медычна-гуманітарнай праграмы, што дапамагала дзяўчыне па прыездзе ў Прагу, Руслан Мірашнічэнка (Санта) — палкоўнік запасу, стваральнік і былы камандзір Другога інтэрнацыянальнага легіёну абароны Украіны, дзе ваявала Марыя, а таксама яе найлепшая сяброўка Лана. Таксама ў стужцы выкарыстоўваюцца кадры з архіву «Белсату» і асабістага архіву дзяўчыны, здымкі з пахавання ваяркі.

Марыя Зайцава была той самай параненай дзяўчынай з фотаздымкаў, зробленых у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года. Яна моцна пацярпела падчас мінскіх пратэстаў пасля сфальсіфікаваных выбараў —  і была эвакуіраваная ў Чэхію для лячэння. Пасля аперацыі Машы так і не ўдалося цалкам аднавіцца — слых быў часткова згублены. І тым не менш, нягледзячы на гэтыя абмежаванні, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну яна ўступіла ў Другі Інтэрнацыяльны легіён. Спачатку Маша была парамедыкам — яна выказала жаданне працаваць як баявы медык у акопах, і як сведчыць яе камандзір, выратавала жыцці некалькіх хлопцаў. Але зноў была паранена, прайшла праз шэраг аперацыяў, і нягледзячы на тое, што колькасць яе траўмаў узрасла, пажадала вярнуцца на фронт. Пасля ранення пайшла вучыцца на снайпера. Маша Зайцава загінула ў студзені 2025 года пад Пакроўскам — роўна на другі дзень, калі ёй споўнілася 24 гады.

«Калі Маша з’язджала першы раз ва Украіну, яна асэнсоўвала, што можа загінуць, — распавяла пра цэльнасць натуры ваяркі Крысціна Шыянок. — Глядзіш на лічбы ў як пашпарце, і здзіўляе, што ў чалавека, які не паспеў яшчэ пражыць доўгае жыццё, пры гэтым паскладаліся нейкія рэчы, да якіх іншыя даходзяць у больш сталым узросце».

Марыя выказала волю сваім пабрацімам — быць пахаванай побач з адным з беларускіх паплечнікаў з пазыўным «Мінск».

Фільм «Не кожны чалавек — Маша» — гэта трэці тэлерэпартаж з цыклу беларускай дакументалісткі Вольгі Воранавай «Ваяры і валанцёры». Папярэднія выпускі былі прысвечаны іншым беларусам, якія ваюць на баку Украіны. Беларускаму ваяру «Жэрару», які зараз служыць у 225-м асобным штурмавым паўку УСУ, узначальваючы падраздзяленне эвакуацыі цяжкай тэхнікі «Тур» — фільм «Толькі я магу зрабіць тое, што магу зрабіць я». А таксама інструктару палка Каліноўскага, ваяру з пазыўным «Джэсіка» — тэлерэпартаж «Самае галоўнае — не пераставаць верыць».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости