Золатавалютныя рэзервы Беларусі за сакавік знізіліся адразу на 1,1 млрд долараў. Падзенне цэн на золата перапыніла чараду рэкордаў, якія фіксаваліся апошнія месяцы. Як паведаміў Нацбанк Беларусі, на 1 красавіка ЗВР склалі 15,24 млрд долараў.
Зніжэнне памеру золатавалютных рэзерваў у сакавіку было абумоўлена ў асноўным змяншэннем кошту манетарнага золата, уключанага ў іх, але таксама зменшыліся іншыя складнікі ЗВР.
Кошт золата, уключанага ў ЗВР, за сакавік зменшыўся на 1,05 млрд долараў, да 7,98 млрд долараў, кошт спецыяльных правоў запазычання знізіўся на 11,9 млн долараў да 1,4 млрд долараў, а рэзервовыя актывы ў замежнай валюце скараціліся на 58,5 млн долараў, да 5,86 млрд долараў. Рэзервовая пазіцыя ў МВФ і іншыя актывы ў памеры 0,03 і 0,1 млн долараў засталіся без змяненняў.
Нягледзячы на зніжэнне ў сакавіку, ЗВР перавышаюць узровень пачатку года на 819,1 млн долараў, у тым ліку прырост кошту манетарнага золата ў параўнанні з 1 студзеня склаў 513,2 млн долараў, рэзервовых актываў у замежнай валюце — 317,8 млн долараў.
