Фото: Alexander Kunze, unsplash.com
ЗША пашырылі санкцыі ў дачыненні да кубінскага рэжыму. Дональд Трамп падпісаў выканаўчы ўказ, які ўводзіць дадатковыя санкцыі супраць арганізацый і фізічных асоб, датычных да карупцыі і парушэнняў правоў чалавека на Кубе.
«Указ уводзіць новыя санкцыі супраць арганізацый, асоб або афіляваных структур, якія падтрымліваюць сілавы апарат кубінскага рэжыму, датычныя да дзяржаўнай карупцыі або сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, альбо з’яўляюцца агентамі, службовымі асобамі або матэрыяльнымі памагатымі ўрада Кубы», — паведамляе Белы дом.
Указ таксама прадугледжвае магчымасць уводзіць другасныя санкцыі супраць фізічных асоб, кампаній і фінансавых устаноў за транзакцыі з асобамі або арганізацыямі, якія знаходзяцца пад санкцыямі.
Белы дом адзначае, кубінскі рэжым падтрымлівае сувязі з варожымі суб’ектамі, настроенымі супраць ЗША, «аж да садзейнічання іх ваенным і разведвальным аперацыям», падтрымлівае цесныя сувязі з краінамі-спонсарамі тэрарызму, прадастаўляе прытулак транснацыянальным тэрарыстычным групоўкам, уключаючы «Хезбалу», пераследуе сваіх палітычных апанентаў, стымулюе міграцыю кубінцаў у ЗША, стварае спрыяльныя ўмовы для варожай замежнай разведвальнай, ваеннай і тэрарыстычнай дзейнасці.
«Гэтыя дзеянні ўяўляюць сабой незвычайную і надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы ЗША, якая патрабуе неадкладнага рэагавання для абароны амерыканскіх грамадзян і інтарэсаў», — заяўляе Белы дом.