ЗША і Расія дамовіліся падтрымліваць сувязь – Уіткаф

Дэлегацыі ЗША і Расіі сустрэліся ў сераду ў Флорыдзе. Пра гэта паведаміў спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф.

“Сёння ў Флорыдзе расійская дэлегацыя на чале са спецыяльным пасланнікам Кірылам Дзмітрыевым сустрэлася з дэлегацыяй ЗША, уключаючы спецыяльнага пасланніка Стыва Уіткафа, Джарэда Кушнера і старшага дарадцу Белага дома Джоша Грунбаума. Дэлегацыі абмеркавалі розныя тэмы і дамовіліся заставацца на сувязі”, – напісаў Уіткаф у Х.

Кірыл Дзмітрыеў у пасце ў адказ у гэтай сацыяльнай сетцы назваў сустрэчу прадуктыўнай і падзякаваў за яе амерыканскаму боку.

Пазней у расійскім месенджары ён апублікаваў пашыраную інфармацыю аб перамовах. Паводле яго слоў, ён наведаў ЗША па даручэнні Пуціна, дзе адбылася сустрэча “кіраўнікоў рабочай групы па эканамічным узаемадзеянні Расіі і ЗША”.

“Абмеркавалі як перспектыўныя праекты, здольныя садзейнічаць аднаўленню расійска-амерыканскіх адносін, так і бягучую крызісную сітуацыю на сусветных энергетычных рынках. Сёння многія краіны, у першую чаргу ЗША, пачынаюць лепш разумець ключавую, сістэмаўтваральную ролю расійскіх нафты і газу ў забеспячэнні стабільнасці сусветнай эканомікі, а таксама неэфектыўнасць і дэструктыўны характар санкцый супраць Расіі”, – напісаў Дзмітрыеў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!