ЗША і Іран працягнулі абмен ударамі. Сёння ноччу Цэнтральнае камандаванне ЗША, якое адказвае за аперацыі на Блізкім Усходзе, абвясціла, што 1 верасня нанесла хвалю ўдараў па іранскіх ваенных цэлях.
“Амерыканскія войскі нанеслі ўдары па цэлях Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), уключаючы аб’екты СПА, радыёлакацыйныя сістэмы, марскія сродкі і збудаванні, мінныя ўстаноўкі і аб’екты сувязі.
Гэтыя ўдары адбыліся пасля нядаўніх спроб нападаў КВІР на камерцыйныя судны ў Армузскім праліве і на амерыканскіх вайскоўцаў”, – гаворыцца ў заяве амерыканскіх вайскоўцаў.
Нагадаем, ЗША і Іран не абменьваліся ўдарамі на працягу месяца, пакуль днямі амерыканскі бок не атакаваў востраў Ларк, дзе, паводле яго інфармацыі, былі паражаныя пускавыя ўстаноўкі, прызначаныя для мініравання Армузскага праліва. Іран адказаў на гэта ўдарам па ваеннай базе ЗША ў Іарданіі.
Атака 1 верасня таксама не засталася без адказу. Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі абвясціў аб прымяненні балістычных ракет па базе марской пяхоты ЗША «Табцін» у Іарданіі. Заяўляецца пра “значныя страты асабовага складу”.
На фоне новай эскалацыі паміж ЗША і Іранам цэны на нафту працягнулі расці. Сёння раніцай каціроўка найбліжэйшага ф’ючарса на нафту маркі Brent павышалася да 96,55 долара за барэль. Пасля гэтага адбылася карэкцыя, але нафта гандлюецца даражэй за 95 долараў за барэль.
