Фото: U.S. Central Command
ЗША і Іран зноў абмяняліся ўдарамі. Яны былі накіраваныя супраць ваенных аб’ектаў.
“2 чэрвеня амерыканскія войскі паспяхова перахапілі некалькі іранскіх балістычных ракет і беспілотнікаў, а таксама нанеслі ўдары ў мэтах самаабароны па востраве Кешм у адказ на спробы атак з боку Ірана на Блізкім Усходзе”, — гаворыцца ў паведамленні Цэнтральнага камандавання ЗША.
Іран запусціў некалькі балістычных ракет па аб’ектах у Кувейце і Бахрэйне. Паводле інфармацыі амерыканскага боку, дзве ракеты не дасягнулі мэты і разваліліся ў палёце, а яшчэ тры ракеты, выпушчаныя па Бахрэйне, былі перахопленыя.
Акрамя таго, амерыканскія вайскоўцы збілі тры ўдарныя беспілотнікі, накіраваныя Іранам у бок грамадзянскіх суднаў.
У адказ былі нанесеныя ўдары па іранскай ваеннай наземнай станцыі кіравання на востраве Кешм.
Пазней Цэнтральнае камандаванне паведаміла пра перахоп новай хвалі дронаў, выпушчаных Іранам па амерыканскіх ваенных аб’ектах у Кувейце.
Іранскі бок сцвярджаў, што яму ўдалося ўразіць штаб 5-га флоту ЗША ў Бахрэйне, а таксама авіябазу.