Саўмін абнавіў Нацыянальны савет па гендарнай палітыцы

Савет міністраў Беларусі пастановай №274 ад 1 чэрвеня зацвердзіў у новай рэдакцыі Палажэнне аб Нацыянальным савеце па гендарнай палітыцы. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля апублікавання.

Пастановай таксама вызначаны склад савета ў адпаведнасці з займанымі пасадамі, а не персанальна. Узначальвае савет міністр працы і сацыяльнай абароны. Яго намеснікам будзе старшыня “Беларускага саюза жанчын”.

Таксама ў савет будуць уваходзіць намеснікі кіраўнікоў Белстата, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства эканомікі, абласных выканаўчых камітэтаў, Мінгарвыканкама, ФПБ, прадстаўнікі Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў, суддзя Вярхоўнага суда, начальнікі ўпраўленняў МЗС і МУС.

Асноўнымі задачамі Нацыянальнага савета з’яўляюцца каардынацыя гендарнай палітыкі, якая праводзіцца ў краіне, а таксама выпрацоўка рэкамендацый і прапаноў па ўдасканаленні прававых, сацыяльна-эканамічных, арганізацыйных і інстытуцыянальных умоў, накіраваных на:

  • забеспячэнне роўных правоў і магчымасцей жанчын і мужчын (дзяўчынак і хлопчыкаў) ва ўсіх сферах жыццядзейнасці;
  • улік гендарнага фактару пры распрацоўцы нарматыўных прававых актаў, дзяржаўных праграм і планаў;
  • садзейнічанне гарманічнаму сумяшчэнню сямейных і прафесійных абавязкаў жанчын і мужчын;
  • умацаванне інстытута сям’і і шлюбу, духоўна-маральных каштоўнасцей сям’і, мацярынства і бацькоўства;
  • удасканаленне сістэмы дзяржаўнай падтрымкі сям’і ў сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей;
  • забеспячэнне гендарна-арыентаванай аховы здароўя;
  • супрацьдзеянне хатняму гвалту і гандлю людзьмі;
  • развіццё інфармацыйнай прасторы.

Савет будзе разглядаць праекты перыядычных дакладаў Беларусі ў Камітэт Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, дзяржаўных праграм, інфармацыйных стратэгій, планаў у галіне гендарнай роўнасці, прасоўвання духоўна-маральных каштоўнасцей сям’і, мацярынства, бацькоўства.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!