Фото: Natalya Letunova / Unsplash.com
ЗША аслабілі санкцыі супраць расійскай нафты. Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША выдала ліцэнзію, якая дазваляе аперацыі, звязаныя з пастаўкамі расійскай нафты, загружанай на танкеры, у тым ліку тыя, што знаходзяцца пад санкцыямі.
“Для пашырэння глабальнага ахопу існуючых паставак Міністэрства фінансаў ЗША прадастаўляе часовы дазвол краінам на куплю расійскай нафты, якая ў цяперашні час знаходзіцца ў моры. Гэта вузкаспецыялізаваная, кароткатэрміновая мера прымяняецца толькі да нафты, якая ўжо знаходзіцца ў шляху, і не прынясе істотнай фінансавай выгады расійскаму ўраду, які атрымлівае большую частку сваіх даходаў ад энерганосьбітаў за кошт падаткаў, што спаганяюцца ў пункце здабычы”, — пракаментаваў кіраўнік амерыканскага фінансавага ведамства Скот Бэсент.
Ліцэнзія датычыцца нафты, загружанай на танкеры да 12 сакавіка 2026 года. Аперацыі ў межах ліцэнзіі дазволены да 11 красавіка. Гаворка ідзе пра паслугі, звязаныя з перавозкай нафты: ад швартоўкі да страхавання. У ліцэнзіі зроблена выключэнне для любых аперацый, звязаных з Іранам, таварамі і паслугамі іранскага паходжання. Яны па-ранейшаму забаронены.
Раней ЗША ўжо выдалі падобную ліцэнзію на пастаўкі расійскай нафты Індыі. Яна таксама датычыцца толькі нафты, якая ўжо загружана на судны. Абедзве ліцэнзіі выдадзены на фоне аперацыі ЗША і Ізраіля супраць Ірана, з-за якой фактычна спыніўся рух суднаў па Армузскім праліве, які з’яўляецца асноўным шляхам вывазу нафты з краін Персідскага заліва.