Пасланнікі прэзідэнта ЗША Стывен Уіткаф і Джарэд Кушнер перадалі ўкраінскаму боку пасланне, што «расіяне гатовыя да перамоў». Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у інтэрв’ю Axios.
Зяленскі адзначыў, што ставіцца да гэтага скептычна, бо дзеянні Расіі на полі бою паказваюць, што Масква не гатовая да кампрамісу.
Паводле слоў Зяленскага, Кушнер і Уіткаф прыбылі перш за ўсё, каб разблакаваць дыпламатычны працэс, але таксама прывезлі некаторыя новыя ідэі. Частка абмеркаванняў датычылася патэнцыйных крокаў па дээскалацыі з боку РФ і Украіны напярэдадні зімы. У прыватнасці, бакі абмяркоўвалі ідэі па энергетыцы, збожжы, нафце і газе.
Зяленскі заявіў, што Кіеў паспрабуе выкарыстаць найбліжэйшыя два месяцы для аднаўлення дыпламатычнага працэсу.
«У нас ёсць верасень і кастрычнік, каб знайсці хоць нейкі спосаб пачаць дыялог. Без дыялогу мы не даможамся выніку», — сказаў Зяленскі. Ён выказаў надзею, што Трамп знойдзе спосаб пачаць рэальны перамоўны працэс да пачатку зімы.
На пытанне, ці прадугледжвае новы падыход ЗША як аднаўленне перамоў, так і дасягненне дамоўленасцей, якія дазволілі б пазбегнуць сур’ёзнай эскалацыі зімой, Зяленскі адказаў, што такая інтэрпрэтацыя вельмі блізкая да рэальнасці.
Ён назваў першай мэтай – аднаўленне перамоў, а другой — спробу зрабіць будучую зіму адрознай ад папярэдніх. Прэзідэнт Украіны лічыць, што бакі павінны прыняць меры да або падчас зімы, каб наблізіць Украіну і Расію да міру.
