Зяленскі: абсталяванне для ўдараў расійскіх дронаў па Украіне размяшчаецца на жылых дамах у Беларусі
Рэдакцыя Reform.news · 26 снежня 2025, 20:21
https://reform.news/be/zjalenski-abstaljavanne-dlja-dara-rasijskih-drona-pa-ukraine-razmjashchaecca-na-zhylyh-damah-u-belarusi/Абсталяванне для навядзення дронаў па цэлях ва Украіне размяшчаецца ў тым ліку на дахах жылых дамоў на тэрыторыі Беларусі, заявіў сёння прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Зяленскі назваў рызыкоўнымі дзеянні Беларусі — размяшчэнне на сваёй тэрыторыі «Арэшніка» і дапамогу РФ пры дронавых атаках па Украіне.
«Перш за ўсё фіксуем, што расіяне спрабуюць абыходзіць нашы абарончыя пазіцыі перахопнікаў праз тэрыторыю суседняй Беларусі. Гэта рызыкоўна для Беларусі. Мы бачым крокі з «Арэшнікам», цяпер — з дапамогай «шахедаў». Шкада, што Беларусь здае свой суверэнітэт на карысць расійскіх агрэсіўных амбіцый», — заявіў Зяленскі.
Паводле даных украінскай выведкі, абсталяванне для навядзення «шахедаў» размешчана ў тым ліку на дахах жылых дамоў у Беларусі.
«Паводле даных нашай выведкі, абсталяванне, якое выкарыстоўваецца для ўдараў па Украіне, у населеных пунктах Беларусі паблізу мяжы размяшчаецца ў тым ліку на жылых дамах. Фактычна на дахах звычайных пяціпавярховак усталяваныя антэны і іншае абсталяванне, якое дапамагае наводзіць «шахеды» на аб’екты ў нашых заходніх рэгіёнах», — сказаў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны папярэдзіў, што Кіеў падрыхтуе адказ на дзеянні Беларусі.
«Гэта абсалютная пагарда да чалавечых жыццяў, і важна, каб у Мінску перасталі гуляцца з гэтым. Мы праінфармуем партнёраў і будзем рыхтаваць сумесныя адказы», — заявіў Зяленскі.
24 снежня Зяленскі назваў размяшчэнне комплексу «Арэшнік» у Беларусі глабальнай пагрозай і небяспечным прэцэдэнтам. Ён даручыў падрыхтаваць дзеянні ў адказ.
