Жыхару Брэсцкай вобласці анулявалі вынікі ЦТ

Жыхару Брэсцкай вобласці анулявалі вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. Ён выклаў здымкі заданняў у інтэрнэт, што забаронена правіламі ЦТ.

“Вучань адной з устаноў сярэдняй адукацыі Брэсцкай вобласці размясціў у адным з тэлеграм-чатаў варыянт заданняў па матэматыцы ў перыяд правядзення самога экзамену. Адміністратары чата выяўлены. Камісія прыняла рашэнне ануляваць вынікі ўдзельніка па вучэбным прадмеце «матэматыка»”, — сказаў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Дзмітрый Міронаў, перадае БелТА.

Паводле яго слоў, малады чалавек пры гэтым з’яўляецца выдатнікам з сярэднім балам атэстата — 9,1.

Камісія, якая займаецца ануляваннем вынікаў ЦТ, збярэцца яшчэ раз 6 чэрвеня.

Раней Міронаў паведамляў, што былі выяўлены адзінкавыя выпадкі размяшчэння ў інтэрнэце, тэлеграм-каналах і чатах фотаздымкаў заданняў. Асобы ўсіх, хто размясціў заданні, устаноўлены.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!