Жыхара Мазыра асудзілі па справе аб «замаху на здраду дзяржаве»

58-гадовага жыхара Мазыра Аляксандра Яжэўскага асудзілі паводле абвінавачання ў замаху на здраду дзяржаве, піша «Гомельская вясна».

Прысуд вынес Магілёўскі абласны суд. Мужчыну прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 356 праз ч. 1 арт. 14 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Замах на здраду дзяржаве»). Абставіны і тэрмін пакарання невядомыя, аднак гаворка ідзе пра пазбаўленне волі, паколькі санкцыя артыкула прадугледжвае толькі такі від пакарання. Мінімальны тэрмін паводле гэтага артыкула складае 7 гадоў.

Праваабаронцы мяркуюць, што крымінальны пераслед можа быць звязаны з поўнамаштабнай вайной Расіі супраць Украіны.

Яны звяртаюць увагу, што Яжэўскі стаў трэцім жыхаром рэгіёна Нараўля — Мазыр — Калінкавічы, асуджаным паводле абвінавачання ў здрадзе дзяржаве. Раней Магілёўскі абласны суд прысудзіў да 10 гадоў пазбаўлення волі актывіста з Нараўлі Мікалая Віткоўскага і актывіста з Калінкавічаў Аляксандра Елісеева. Адзначаецца, што ўсе трое былі асуджаныя прыкладна ў адзін час адным і тым жа судом, нягледзячы на тое, што пражывалі ў Гомельскай вобласці.

Паводле даных «Гомельскай вясны», да затрымання Яжэўскі працаваў памочнікам выхавальніка ў філіяле Гомельскага вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мазыры. Паводле інфармацыі ініцыятывы BelPol, у 2010 годзе ён быў асуджаны ўмоўна паводле артыкула аб службовым падлогу.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!