У музеі Якуба Коласа адкрылася выстава абярэгаў

У мінскім музеі Якуба Коласа працуе выстава «Ад злога чаравання да шчаслівага вяртання», прысвечаная беларускім абярэгам.

Экспазіцыя выставы «Ад злога чаравання да шчаслівага вяртання». Фота: zviazda.by

Экспазіцыя сфарміраваная з фондаў музея народнай архітэктуры і побыту. На выставе паказалі музейныя нацюрморты, складзеныя з рэальных прадметаў сялянскага ўжытку, архіўных фатаграфій, абразоў, тканых паясоў, унікальных тэкстаў і розных прыродных матэрыялаў.

Нават агонь і вада маглі станавіцца абярэгамі. Агонь быў патрэбны для ачышчальных рытуалаў, таму нашы продкі выкарыстоўвалі грамнічныя свечкі, полымя вогнішчаў, попел і нават дым. Вада магла быць ачышчальнай і лекавай. Асвечанай вадой апырсквалі людзей, жывёлу, хаты, труны перад пахаваннем.

Экспазіцыя выставы «Ад злога чаравання да шчаслівага вяртання». Фота: сацсеткі

Сярод «зялёных» абярэгаў дасюль выкарыстоўваецца асвечаная вярба. Ёю сцябалі людзей і жывёлу, каб надаць больш здароўя, ставілі на акно падчас навальніцы і спальвалі пры хваробах. На Купалле збіралі зёлкі, якія захоўвалі цэлы год. Іх выкарыстоўвалі ад захворванняў, вешалі на рогі каровам, дзяўчаты насілі іх у вянках.

Экспазіцыя выставы «Ад злога чаравання да шчаслівага вяртання». Фота: zviazda.by

Пасля распаўсюджання хрысціянства абярэгамі сталі лічыць і ежу –  велікодныя яйкі, хлеб і соль. Абярэгамі сталі крыжы, малітвы, асвечаныя рэчы.

Экспанаты адлюстроўваюць усе ключавыя вехі ў жыцці нашых продкаў – ад нараджэння немаўляці да ўзвядзення жылля і бяспечнага адпраўлення ў дарогу.

Экспазіцыя выставы «Ад злога чаравання да шчаслівага вяртання». Фота: zviazda.by

Абярэгамі часта выступалі самыя звычайныя прадметы, што ў побыце мелі ўтылітарную ролю. Падчас выканання абарончай функцыі гэтыя прадметы пазбаўляліся свайго ўтылітарнага прызначэння і выкарыстоўваліся ў якасці апатрапеяў – сродкаў абароны ад уздзеяння звышнатуральных сіл.

Экспазіцыя выставы «Ад злога чаравання да шчаслівага вяртання». Фота: сацсеткі

Новыя, апатрапейныя характарыстыкі пры гэтым не выпадковыя, яны абапіраліся на рэальныя якасці прадметаў, альбо на асаблівасці іх практычнага выкарыстання. Напрыклад, вострыя серп, нож ці сякера могуць служыць у якасці сродку абароны ад ведзьмаў.

Экспазіцыя выставы «Ад злога чаравання да шчаслівага вяртання». Фота: сацсеткі

Абярэгі існавалі ў традыцыйнай культуры з часоў глыбокай старажытнасці і заўсёды былі цікавай і каштоўнай крыніцай для этнографаў, бо з’яўляліся своеасаблівымі ключамі для адкрыцця і разумення архаічнай карціны свету, сістэмы ўяўленняў і вераванняў беларусаў.

Аднак сёння абярэгі прыцягваюць увагу не толькі этнографаў, але і кожнага, хто цікавіцца своеасаблівымі інструментамі спазнання свету. Так на адным з выставачных стэндаў размясціліся маленькія лялькі-абярэгі. Фігуркі зроблены ў наш час на майстар-класах.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!