Лукашэнка заявіў пра недастатковыя тэмпы рэалізацыі шэрагу інвестыцыйных праектаў за мяжой

Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрыя Крутога, паведамляе яго прэс-служба. Асноўнымі тэмамі сталі ўборачная кампанія, рэалізацыя замежных інвестыцыйных праектаў, кадравыя пытанні і маючыя адбыцца працоўныя паездкі.

На наступным тыдні Лукашэнка плануе правесці селектарную нараду, прысвечаную ходу ўборачнай кампаніі. Падчас даклада абмяркоўваліся пытанні своечасовай уборкі ўраджаю, работы зернесушыльных комплексаў і працягу нарыхтоўкі кармоў.

Таксама Лукашэнка даручыў забяспечыць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы палівам у поўным аб’ёме. Ён звярнуў увагу на выяўленыя рабочай групай выпадкі крадзяжу паліва і назваў такія факты недапушчальнымі.

Яшчэ адной тэмай даклада стала рэалізацыя замежных інвестыцыйных праектаў з удзелам Беларусі. На наступным тыдні плануецца асобная нарада па гэтым пытанні. Лукашэнка лічыць недастатковымі тэмпы рэалізацыі некаторых праектаў, якія павінны спрыяць умацаванню пазіцый Беларусі на рынках краін Азіі і Афрыкі.

Акрамя таго, абмяркоўваліся кадравыя прызначэнні, найперш у мясцовыя органы ўлады. Асаблівую ўвагу мяркуецца надаць умацаванню ролі старшыняў раённых выканаўчых камітэтаў.

Круты таксама далажыў аб падрыхтоўцы пераліку даручэнняў паводле вынікаў нядаўніх паездак Лукашэнкі ў Шклоўскі і Аршанскі раёны. У дакумент, у прыватнасці, плануецца ўключыць пытанні вапнавання глеб, развіцця меліярацыі, а таксама рэалізацыі дамоўленасцяў аб супрацоўніцтве з Узбекістанам.

У завяршэнне даклада абмяркоўваўся графік далейшых паездак Лукашэнкі па рэгіёнах. У найбліжэйшы час ён мае намер наведаць Брэсцкую і Гомельскую вобласці, дзе плануе азнаёміцца з рэалізацыяй інавацыйных праектаў, развіццём фермерскіх гаспадарак і работай новай сельскагаспадарчай тэхнікі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!