Жыхар Мсціслаўскага раёна расплачваўся за паслугі чырванакніжнымі ракамі

У Мсціслаўскім раёне супрацоўнікі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету затрымалі мужчыну, які незаконна здабываў шыракапалых ракаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.

Паводле даных інспекцыі, парушальнік выкарыстоўваў 17 раколовак. У іх выявілі 740 шыракапалых ракаў агульнай вагой 24,5 кг. Памер прычыненай навакольнаму асяроддзю шкоды ацэнены ў 3330 базавых велічынь.

Пасля затрымання інспектары выпусцілі ў натуральнае асяроддзе пражывання 411 жывых ракаў.

Як патлумачыў затрыманы, ён ведаў, што здабывае чырванакніжны від, аднак рабіў гэта дзеля выгады. Паводле яго слоў, ракаў ён выкарыстоўваў як «жывую валюту», расплачваючыся імі за розныя паслугі.

Мсціслаўскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў у дачыненні да мужчыны крымінальную справу паводле ч. 4 арт. 281 КК.

У Дзяржаўнай інспекцыі нагадалі, што ў Беларусі жывуць тры віды ракаў: шыракапалы, занесены ў Чырвоную кнігу, а таксама вузкапалы і амерыканскі паласаты сігнальны рак.

У шыракапалага рака гладкі панцыр без шыпоў з дробнымі бугаркамі па краях і шырокія магутныя клюшні. Вузкапалы рак пакрыты шыпамі і бугаркамі, а яго клюшні доўгія і вузкія. Паласаты рак лічыцца інвазіўным відам, які лёгка пазнаць па белай або сіне-зялёнай пляме на развілцы клюшняў і светлых чырвона-карычневых палосах на брушку.

Лоўля шыракапалага рака забароненая, тады як здабыча вузкапалага дазволеная пры выкананні ўстаноўленых правілаў, уключаючы абмежаванні па памеры ўлову, колькасці раколовак і спосабах лоўлі.

Фота: gosinspekciya.gov.by
Фота: gosinspekciya.gov.by
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!